Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Угодкі Аршанскай бітвы: супольная малітва, сьпевы Мельнікава і пэрфоманс Пушкіна

абноўлена

499-я ўгодкі Аршанскай перамогі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:56 0:00

Алесь Пушкін: «Легчы і растварыцца ў гэтым полі»

На Крапівенскім полі, дзе 8 верасьня 1514 году адбылася гістарычная бітва пад Воршай, штогод зьбіраюцца тыя, хто памятае пра гэтую дату.

На Крапівенскім полі, дзе 8 верасьня 1514 году адбылася гістарычная бітва пад Воршай, штогод зьбіраюцца тыя, хто памятае пра гэтую дату. Угодкі бітвы, падчас якой войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства, адзначаюцца як Дзень беларускай вайсковай славы.

У пачатку 1990-х гэта было дзяржаўнае сьвята, скасаванае пазьней як «нацыяналістычнае» і «варожае ў дачыненьні да братняга расейскага народу».

Але актывісты з Воршы ды іншых гарадоў усё адно зьбіраюцца ў гэты дзень на беразе рэчкі Крапівенкі каля вёскі Гацькаўшчына ды ўспамінаюць палеглых тут ваяроў. Селета за супакоў іхных душаў маліліся і ў царкве Аляксандра Неўскага ў вёсцы Крапіўна. Гэта адбудаваны храм, а паўтасячагодзьдзя таму ў гэтай вёсцы была ўзьведзена драўляная царква ў гонар пераможнай бітвы пад Воршай. Цяпер ад яе засталіся толькі камяні падмуркаў.

Месца, дзе калісьці стаяла царква, азначана крыжам
Месца, дзе калісьці стаяла царква, азначана крыжам


Уніяцкая суполка сабралася на малітву за тых, хто загінуў у бітве пад Воршай, у аршанскім касьцёле сьвятога Язэпа. А тыя, хто паехаў у гэты дзень на Крапівенскае поле, згадвалі даўнейшыя падзеі там.

Старыя падмуркі
Старыя падмуркі


Сучасная царква Аляксандра Неўскага
Сучасная царква Аляксандра Неўскага
Да помніка-каменя з надпісам «Вечная слава героям аршанскай перамогі» ўсклалі вянкі і кветкі. Хлопцы, што прыехалі ў гэтыя мясьціны з Магілёва, пасадзілі каля помніка рамонкі.

Потым усе падняліся на ўзгорак, дзе ўсталяваны высокі драўляны крыж у памяць пра бітву, у якой загінула не адна сотня нашых суайчыньнікаў. Тут залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.

Ускладаньне кветак
Ускладаньне кветак


Бард Андрэй Мельнікаў выканаў пад ім некалькі песьняў. У тым ліку прысьвечаную Аршанскай бітве — «У нядзельку параненьку»...

Сьпявае Андрэй Мельнікаў
Сьпявае Андрэй Мельнікаў


Мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс: пасьцяліўшы пад крыжам вялікі плякат-банэр са словамі «Слава Воршы ўжо ня горша», ён сказаў, што будзе слухаць гэтую зямлю, палітую крывёй соцень людзей.

Алесь Пушкін ладзіць пэрформанс
Алесь Пушкін ладзіць пэрформанс


Ен лёг тварам уніз, шырока раскінуўшы рукі. І потым казаў, што чуў цяжкі грукат конскіх капытоў і воклічы ваяроў, якія біліся тут, не шкадуючы сваіх жыцьцяў...

Потым усе прысутныя сьпявалі разам, размаўлялі ці проста думалі пра нешта сваё ў гэтым незвычайным месцы. Ахвотныя нават паплавалі ў рэчцы — дзень 8 верасьня праз 499 год пасьля гістарычнай бітвы выдаўся па-летняму цёплы і сонечны.

Што было асабліва прыемна, адзначалі прысутныя, — тое, што ніхто не замінаў адзначаць гістарычную дату. У навакольлі не было заўважана міліцыі, якая апошнімі гадамі надзвычай пільна сочыць, каб у гэты дзень на Крапівенскім полі ня здарылася чагосьці крамольнага.

Крапівенскае поле
Крапівенскае поле


Не было міліцыі ў навакольлях і мінулай ноччу, калі паўтара дзясяткі чалавек зладзілі сяброўскае вогнішча ў працяг традыцыі бардаўскага фэсту «Аршанская бітва». Сьпявалі Андрэй Мельнікаў і Мікола Рудакоўскі, і ўсё нагадвала фэст у тым, ранейшым фармаце, які існаваў да 2008-га году, калі міліцыя не пусьціла людзей з намётамі і гітарамі на Крапівенскае поле, і многія трапілі ў пастарунак...

Наступны год будзе юбілейны: з дня бітвы пад Воршай мае споўніцца роўна 500 год. І ўжо сёньня тыя, хто сабраўся ў гэтых мясьцінах, выказвалі свае прапановы, як зрабіць гэтае сьвята агульнабеларускім ды адзначыць яго ня толькі на Аршаншчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG