Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слава Воршы ўжо ня горша, ці як там кажуць сапраўдныя, экалягічна чыстыя беларусы без харчовых дабавак. Усе Славы абарочваюцца; толькі адзін робіць выгляд, што гэта не пра яго, і ўцякае з-пад сафітаў — той самы, наш.

Гадавіна аршанскай бітвы — адно з самых каштоўных і, відаць, самае нязручнае сьвята ў беларускай калекцыі. Бо брацік пакрыўдзіцца. Бо стратэгічных запасаў перцу і імберцу больш няма. Ну і наагул нешта не сыходзіцца: што ж гэта, нам жа некалі ясна сказалі чалавечаскім языком, каб мы ў цішыні запыталіся, хацят лі рускія вайны — а мы іх так груба ў 1514-м. Як фашысты нейкія проста. І дзе, пад Воршай... Сорамна робіцца за продкаў. Маглі б, перад тым, як біць усходніх турыстаў, падумаць пра Чэхава, пра Пушкіна, пра розныя там газы і іншыя, як іх там — нэграрэсурсы, пра дзень яднаньня, пра агульную мову, пра славянскае братэрства, нарэшце. А яны, продкі, так жорстка, нібы гэта ня брат-расеец завітаў, а немец прыйшоў па яйка-млека.

Нельга ж так. Гэта ж і нацыяй зрабіцца можна, калі памятаць такія перамогі. А нам такое не па плячы. Нас і на Крапіўне было ў некалькі разоў менш. І чаго палезьлі?...

Аднак продкам такія пытаньні чамусьці ў галовы не прыходзілі. Пушкіна на іх не было. Дзікія былі людзі. Ні ядацкія праблемы на іх ня ціснулі, ні яды яднаньня. Пагналі ворага — і ніякіх згрызотаў сумленьня.
...Зрэшты, можна толькі ўявіць сабе, як бы цяпер адзначалася гэтае сьвята, калі б гісторыя выйшла на прыпынак раней.

Ясная рэч, з помпай адзначалася б, па-багатаму. Так, на жаль, хутчэй за ўсё і гэта быў бы «празьнік»... Бо урэшце, рэч у людзях, а не ў гадавінах. Адзначалася б з танцамі і танкамі, з франтавымі ста грамамі крамбамбулі ў парку Горкага, прысягай якіх-небудзь скаўтаў ля вечнага агню і партрэтам ваяводы Астроскага на вітрыне кожнага кафэтэрыя. Суворага такога нашага ўласнага суворава, у абрамленьні правільных стужачак. З сувораўцамі, перайменаванымі ў астрожцаў. З заслужанымі бардамі і іхным брэньканьнем па кожным канале (бо ўжо ж будзе можна!). З усім невыносным кічам, які беларус так любіць... Любіць выдаваць за сваё. Магчыма, адбывалася б рытуальнае спаленьне брыдкай маскоўскай харугвы. А то і паяданьне расейскага пасла. Не жыўцом, зразумела. У выглядзе бісквітнага торта, раскладзенага проста на плошчы Незалежнасьці — той самай, якую продкі адстаялі, а нам сорамна. Бо раптам яшчэ нехта што падумае, дык каб чаго ня выйшла, а то дзесьці там ужо казалі, што нехта штосьці ўспомніў, дык гэта ўсё няпраўда.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG