Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

7 верасьня ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Менску адбылася ўрачыстасьць, з нагоды пачатку навучальнага году ў Менскім тэалягічным каледжы. Навучаньне там будзе весьціся па-беларуску.

Гэта новая навучальная ўстанова ў каталіцкім касьцёле, якая будзе займацца падрыхтоўкай выкладчыкаў рэлігіі і іншых спэцыялістаў.

Першы дзень новага навучальнага году распачаўся ўрачыстай малітвай з удзелам сьветароў-выкладчыкаў і студэнтаў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў сьвяточную імшу, паведаміў карэспандэнту Свабоды:

Тадэвуш Кандрусевіч

Тадэвуш Кандрусевіч

«Дагэтуль ў нас быў цэнтар падрыхтоўкі катэхізатараў. Каледж мае шырэйшыя мэты перад сабою: катэхізацыйнай працай дзейнасьць касьцёла не абмяжоўваецца. Мы таксама ведаем, што ўсё большую ўвагу сьвет зьвяртае на мэдыі, яны маюць усё большую ролю ў жыцьці сучаснага грамадзтва, у тым ліку і касьцёла. Таму патрэбныя каталіцкія спэцыялісты, а таксама могуць атрымліваць адпаведныя веды і сьвецкія журналісты, якія працуюць у сьвецкіх СМІ. Таксама неабходна сацыяльнае навучаньне. Мы бачым колькі праблемаў у сьвеце, у кожным грамадзтве, у тым ліку і ў нашым. Далей — сям’я, справы дабрачыннасьці і гэтак далей. Я спадзяюся, што тыя адмыслоўцы, якія выйдуць з нашага каледжу — яны найперш будуць дапамагаць пры касьцельных структурах, але таксама яны павінны быць у грамадзтве».

Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца, што дзяржаўная рэгістрацыя Менскага тэалягічнага каледжу паспрыяе адкрыцьцю ў Беларусі вышэйшай духоўнай навучальнай установы.



Дзяржаўная рэгістрацыя азначае, што каледж прызнаецца дзяржавай як навучальная ўстанова, сказаў сакратар каледжу, ксёндз Юры Санько:

«Пакуль заняткі будуць праходзіць на базе Чырвонага касьцёла. Але плянуем
выкладаньне і ўся дакумэнтацыя будзе весьціся на беларускай мове
пашырэньне, маем надзею, што будзем мець свой будынак. Ну і натуральна тое, што выкладаньне і ўся дакумэнтацыя будзе весьціся на беларускай мове. Бо мы жывем, навучаемся, духоўна ўзрастаем у Беларусі, таму іншага быць ня можа».

Выкладчыкамі новага каледжу пераважна зьяўляюцца каталіцкія сьветары, але таксама і сьвецкія асобы. На першы курс Менскага тэалягічнага каледжу сёлета прыняты 21 студэнт — людзі рознага ўзросту і заняткаў. Пра падзею яны кажуць гэтак:

«Мяне зваць Алена, маю сям’ю і дваіх дзяцей. Натуральна, што ўзрост — далёкі ад школьнага. А тут такая шыкоўная магчымасьць ня толькі атрымаць веды, але і дзяліцца імі зь іншымі людзьмі — радасьць, вялікая радасьць».

З нагоды новага навучальнага году ў Менскім тэалягічным каледжы таксама адбылася прэзэнтацыя друкаванага выданьня першай энцыклікі папы рымскага Францішка, якая атрымала назву «Сьвятло веры». Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў даклад аб зьмесьце энцыклікі, а таксама асабіста ўручыў яе беларускамоўныя друкаваныя асобнікі кожнаму першакурсьніку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG