Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саракашыш даслаў другі ліст з СІЗА КДБ


Жонка зьняволенага ў Беларусі былога дырэктара cочынскага санаторыя «Беларусь», які належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, Георгія Саркашыша распавяла,што атрымала ад мужа другі ліст амаль за восем месяцаў.

Яна працытавала ліст мужа:

«У мяне ўсё як і раней, здароўе як і было, ціск скача. Яшчэ і нэйрадэрміт, які мучае асабліва па начах. Цяпер ужо два тыдні як скончыліся таблеткі. Купіць не магу, бо няма грошай. Тое, што вы мне дасылаеце, хапае толькі на лекі і туалетную паперу. Лекі вельмі дарагія. Але мне і гэтага хапае, вялікі дзякуй.

Я разумею,што вам вельмі цяжка, што я дажыў да таго дня, калі табе трэба працаваць і дасылаць мне грошы на лекі і перадачы».

Лола Саракашыш сказала, што нэйрадэрміт зьявіўся ў мужа ўжо ў зьняволеньні. Яна сказала, што мужу пасылаюць грошы праз знаёмых у Менску, колькі могуць. Яна кажа, што лекі вельмі дарагія і іх, відаць, не хапае на месяц.

"Я яму звычайна пішу ўсё падрабязна пра нас. Ён кажа, што калі атрымаў мой ліст, то для яго гэта быў самы лепшы дзень. Піша, што вельмі сумуе і хоча нас усіх убачыць«,- распавяла Лола Саракашыш.

Яна кажа, што зьбіраецца дамагчыся спатканьня з мужам.

«Я пакуль не ведаю, ці дазволяць мне і сыну», — сказала Лола Саракашыш.

Адносна магчымасьці перадачы Георгія Саракашыша Расеі, спадарыня Лола выказалася так:

«Ну што не бачна, што там адбываецца?! Там, калі такіх ужо велічынь не адпускаюць, як Баўмгертнэр, нават пад паручальніцтва не адпусьцілі, а што нам тады?

Наогул нічога няма. Тое, што яны шукаюць, ніколі не знойдуць. Калі толькі нейкіх падлогаў за гэты час не зробяць. А санаторый „Беларусь“ проста гіне. Столькі скаргаў ад адпачываючых. Проста шкада».

Утрыманьне пад вартай грамадзяніна Расеі Георгія Саракашыша — былога дырэктара cочынскага санаторыя «Беларусь», які належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта — працягнулі да 21 кастрычніка.

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, які ў сьнежні мінулага году быў таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі падчас камандзіроўкі ў Менску, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Новым дырэктарам санаторыя «Беларусь» прызначаны Ўладзімер Рыжанкоў, які кіраваў дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, быў начальнікам мэдычнага ўпраўленьня комплексу «Менск-Арэна».

Пад перасьлед трапіў і намесьнік Саракашыша, беларус Аляксандар Кізім. Былы першы намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта Анатоль Дазораў быў звольнены яшчэ на пачатку году. Потым пайшоў у адстаўку і кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут, які, паводле неафіцыйнай інфармацыі, трапіў нават пад хатні арышт. На яго месца прызначаны Віктар Шэйман.

Санаторый «Беларусь» месьціцца ў горадзе Сочы на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Там ня раз адпачываў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, сябры прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG