Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне ўгодкаў Аршанскай бітвы


Помнік на ўзьбярэжжы Крапівенкі

Помнік на ўзьбярэжжы Крапівенкі

Сёлета спаўняецца 499 гадоў перамогі беларускага войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім над войскам Вялікага Княства Маскоўскага на рацэ Крапіўне пад Оршай.

Славутая Аршанская бітва адбылася 8 верасьня 1514 года, і ўжо амаль 20 гадоў у тых мясьцінах зьбіраюцца ахвотныя згадаць пра гэтую значную гістарычную падзею.

22 гады таму на Крапівенскім полі пад Воршай упершыню прайшоў бардаўскі фэст «Аршанская бітва». Шмат гадоў запар ён адбываўся ў выходныя, бліжэйшыя да даты 8-га верасьня. На імпрэзу зьяжджаліся некалькі соцень чалавек з усяе краіны. Аднак, пасьля міліцэйскіх разгонаў мінулых гадоў ні слухачоў, ні выступоўцаў сюды адмыслова не запрашаюць. Традыцыя ладзіць начны бардаўскі канцэрт у намётавым гарадку і распальваць агульнае вялікае вогнішча для ўсіх гасьцей трансфармавалася ў сяброўскія сустрэчы.

Некалькі вогнішчаў абавязкова запаляцца і сёньняшняй ноччу ў навакольлях вёскі Гацькаўшчына , бліжэйшага населенага пункту да гістарычнага поля Аршанскае бітвы, дзе 500 гадоў таму войска ВКЛ перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства.

Памятны крыж у гонар Аршанскай бітвы

Памятны крыж у гонар Аршанскай бітвы



На думку аднаго з заснавальнікаў фэсту «Аршанская бітва», барда Андрэя Мельнікава, гэта ня так ужо і кепска, калі сяброўскіх вогнішчаў становіцца болей:

«Гэта такі скаўцкі варыянт. Ён прывучае людзей да адказнасьці, да самастойнасьці, забівае стадны інстынкт.То бок у ім таксама ёсьць свае плюсы. І я радуюся, што недзе зьбіраюцца людзі, каб гэтую дату адзначыць. Гэта загартоўвае! Неспрыяльныя ўмовы таксама маюць сваіх прыхільнікаў. На жаль, у Беларусі такіх людзей няшмат, але яны ёсьць».

У 2007 годзе бардаўскую імпрэзу ўпершыню сарвалі міліцыянты. Было абвешчана, што ў рэчцы Крапівенцы нібыта знайшлі міну, і супрацоўнікі міліцыі не прапускалі людзей з намётамі на звыклае месца. У 2008 годзе і пазьней міліцыянты затрымлівалі каардынатараў фэсту разам з гукаўзмацняльнай апаратурай і дровамі. У пастарунак ня раз звозілі і тых, хто прыехаў паслухаць сьпевы бардаў — а пачынаючы ад першага фэсту тут выступілі амаль усе беларускія аўтары-сьпевакі.

Андрэй Мельнікаў перакананы, што традыцыю адзначэньня ўгодкаў гістарычнай бітвы варта працягваць, нягледзячы ні на што:

Андрэй Мельнікаў

Андрэй Мельнікаў

«Гэтая традыцыя — нібыта праверка ўсіх, для каго гэта важна. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. Калі ловяць, калі хапаюць, калі забараняюць...»

Гэта вельмі важна, каб людзі не забываліся на гістарычнае значэньне славутай бітвы, і на знакавае месца — поле, дзе яна адбывалася, лічыць мастак Алесь Пушкін, удзельнік большасьці фэстаў пад Воршай:

«Не капаць бульбу, ракам стоячы, угнуўшыся, у гэты дзень: варта пабыць на Крапівенскім полі, адзначыць 499 угодкі славутай бітвы. Добрае надвор’е, сонечнае, толькі холадна. Але людзі сьцягнуцца, я думаю. Будуць зноў туляцца па лесе. Можа, нехта й пасьпявае. Варта было б і памаліцца. Так што, можа быць, сходзім у нядзелю ў нейкую аршанскую царкву».

Малебен у памяць пра палеглых ваяроў таксама стаў у апошнія гады традыцыйнай часткай сьвяткаваньня ўгодкаў гістарычнай бітвы. Пра яе нагадвае і высокі драўляны крыж, усталяваны аршанскімі актывістамі на баявым Крапівенскім полі, і помнік на ўзьбярэжжы рэчкі Крапівенкі з надпісам «Вечная слава героям Аршанскай перамогі!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG