Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Францкевіч: Дамагаліся паказаньняў супраць Дзядка


Аляксандар Францкевіч
Аляксандар Францкевіч

Былы палітвязень Аляксандар Францкевіч па выхадзе на волю згадаў, як ад яго дамагаліся паказаньняў на Мікалая Дзядка і абяцалі ўзамен меншы тэрмін.

Актывіст анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч, які 3 верасьня вызваліўся з івацэвіцкай калёніі, распавёў пра ціск з боку сьледчых, якія дамагаліся ад яго даць паказаньні на ягонага аднадумцу Мікалая Дзядка. Паводле сьледчых, гэта на Мікалаі Дзядку «трымаўся» рух беларускіх анархістаў. Аляксандар Францкевіч распавёў:

«Мы ведаем, што ён ва ўсім удзельнічаў і нам трэба, каб ты гэта пацьвердзіў. Вось так яны казалі. І казалі, што калі я гэтак зраблю, то атрымаю малы тэрмін, а то дадуць ўдвая большы. Я на гэта казаў, што нічога ня ведаю і адмаўляўся зь імі кантактаваць. Проста там была такая сыстэма, што мяне туды заводзяць і як бы ты не адмаўляўся ад гутаркі, ўсё роўна даводзіцца зь імі размаўляць».

Маці Аляксандра Францкевіча днямі атрымала ад Мікалая Дзядка, з якім трывала лістуецца, чарговы ліст. З гэтага лісту Аляксандар ведае пра апошнія справы сябра, пра тое, што той нядаўна зноў сядзеў у карцэры, што адзначыў дзень народзінаў. «Я таксама напісаў яму ліст, але ня ведаю, ці дойдзе. Спадзяюся», — распавёў Аляксандар Францкевіч.

Пра сябе былы палітвязень распавёў, што ужо стаў на прафіляктычны нагляд у міліцыі. «Паспрабую з Наваполацку перавесьціся ў Менск, дзе мяне чакае праца», — паведаміў Аляксандар Францкевіч.

Мікалая Дзядка трымаюць ў магілёўскай турме як злоснага парушальніка рэжыму. За кратамі актывісту анархісцкага руху Дзядку давядзецца адбыць яшчэ паўтара года, калі яго не вызваляць датэрмінова. «Наўрадці хлопцам можна разьлічваць на памілаваньне. Акрамя нежаданьня Лукашэнкі, ёсьць таксама ціск сілавікоў, якія ня хочуць саступаць Захаду», — мяркуе адносна датэрміновага вызваленьня сябра Аляксандар Францкевіч, які сам адбыў тэрмін, як кажуць, «ад званка да званка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG