Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Юрыем Даньковым будзе закрыты


Юры Данькоў

Юры Данькоў

Прызначаны суд над уладальнікам «Данькоў-клюбу» Юрыем Даньковым, якога абвінавачваюць, у прыватнасьці, ва ўцягваньне асобаў у занятак прастытуцыяй.

Разбор у справе дырэктара «Данькоў-клюбу» Юрыя Данькова пройдзе за зачыненымі дзьвярыма ў Маскоўскім раённым судзе Менску. Суд пачнецца 18 верасьня. Судзіць вядомага бізнэсоўца будзе судзьдзя Натальля Кузьняцова, паведамілі ў Маскоўскім судзе Менску.

«Працэс пачнецца 18 верасьня а 14 гадзіне. Але працэс будзе закрыты, публіку не дапусьцяць».

Паводле адваката, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, закрытасьць працэсу над Юрыем Даньковым суд тлумачыць характарам артыкулаў, якія яму інкрымінаваныя. Справу супроць Юрыя Данькова расьсьледавала ўправа Сьледчага камітэту па Менску. Уладальніку вядомага ў Менску клюбу інкрымінаваныя 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ўтрыманьне пры клюбе прытону для заняткаў прастытуцыяй ды ўцягваньне асобаў у занятак прастытуцыяй, а таксама падробка дакумэнтаў ды ўхіленьне ад падаткаў. Юрый Данькоў зь верасьня 2012 году знаходзіцца пад вартай. Вядома, што ўладальнік «Данькоў-клюбу» вінаватым сябе не прызнае. Разам зь Юрыем Даньковым будуць судзіць ягоных саўдзельнікаў. Прозьвішча аднаго зь іх — Лячык.

Дазваніцца да сваякоў Юрыя Данькова, каб узяць у іх камэнтар да абвінавачаньняў ды атрымаць зьвесткі пра затрыманага, не ўдалося. У «Данькоў-клюбе» супрацоўнік паведаміў, што ўстанова працягвае працаваць, але з абмежаваньнямі:

«Зал гульнявых аўтаматаў і стрыптыз-бар працуюць па скарочанай праграме».

У Сьледчым камітэце па Менску пачалі расьсьледаваць справу аб крадзяжы будаўнічых матэрыялаў на будоўлі спартовага аб’екта «Чыжоўка-Арэна». Па справе праходзяць 4 чалавекі, якія працавалі на адказных пасадах у Менскпрамбудзе і Ўправе капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму. Паводле сьледзтва, будаўнічыя матэрыялы, якія краліся на «Чыжоўка-Арэне», пастаўляліся на будоўлі іхніх загарадных дамоў у пасёлках Тарасава і Азярцо пад Менскам ды ў Загор’е Смалявіцкага раёну. Фігурантаў справы ўзялі пад варту, але міліцыя і Сьледчы камітэт іхніх прозьвішчаў пакуль не называюць.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Павал Траулька: «Прозьвішчы затрыманых мы пакуль не паведамляем».
XS
SM
MD
LG