Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея дапаможа Сырыі ў выпадку зьнешняга ўдару


Уладзімер Пуцін і Барак Абама

Уладзімер Пуцін і Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што большасьць лідэраў «вялікай дваццаткі» згодныя з тым, што рэжым сырыйскага лідэра Башара Асада правёў хімічную атаку.

Пры гэтым, адзначыў Абама, адносна неабходнасьці ўжываць сілу ў Сырыі думкі разышліся.

Выступаючы на выніковай прэс-канфэрэнцыі пасьля саміту «дваццаткі» ў Санкт-Пецярбургу, амэрыканскі лідэр падкрэсьліў, што адсутнасьць рэакцыі сьвету на такія дзеяньні Асада можа заахвоціць да ўжываньня хімічнай зброі так званыя «некантраляваныя рэжымы». Абама паведаміў, што ў аўторак выступіць са зваротам да амэрыканскага народу з нагоды сытуацыі ў Сырыі. Абама выступае за нанясеньне ўдару па Сырыі.

Раней, выступаючы ў Санкт-Пецярбургу, Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея будзе дапамагаць Сырыі ў выпадку зьнешняга ўдару па гэтай краіне. Таксама Пуцін паведаміў, што абмеркаваў сытуацыю ў Сырыі падчас сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам у кулюарах саміту, але агульнай пазыцыi знойдзена не было. На думку Пуціна, ужываньне хімічнай зброі ў Сырыі – гэта правакацыя баевікоў.

Пуцін паведаміў, што падчас саміту супраць вайсковай апэрацыі ў Сырыі выступілі Расея, Італія, Кітай, Індыя, Інданэзія, Аргентына, Бразылія і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка.

Раней прэм’ер-міністар Турэччыны Эрдаган, які браў удзел у саміце, заявіў, што большасьць удзельнікаў «вялікай дваццаткі» разумеюць неабходнасьць вайсковай апэрацыі супраць рэжыму Башара Асада.

Тым часам, сырыйскае пытаньне ня згадваецца ў выніковай дэклярацыі сустрэчы лідэраў краін «вялікай дваццаткі», якая завяршылася сёньня ў Санкт-Пецярбургу. Выніковы дакумэнт складаецца з 35 старонак і, у прыватнасьці, утрымлівае такія разьдзелы як рамачнае пагадненьне аб устойлівым росьце, узмацненьне барацьбы з карупцыяй, барацьба са зьменамі клімату, доступ да фінансавых паслугаў і іншыя.
XS
SM
MD
LG