Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 9 верасьня: Дзень нараджэньня КНДР і Міры Лукшы


Паўночнакарэйскія вайскоўцы на парадзе

Паўночнакарэйскія вайскоўцы на парадзе

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менскі гарадзкі суд разглядае скаргу на адмову суду Партызанскага раёну вызваліць Уладзіслава Баўмгертнэра.

У Менску ў Белдзяржфілярмоніі адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная адкрыцьцю новага канцэртнага сэзону. Пачатак а 14.00.

У Страсбуры пачынаецца сэсія Эўрапейскага парлямэнту.

У Вене пачынаецца пяцідзённае пасяджэньне дырэктараў Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1828 – нарадзіўся Леў Талстой, расейкі пісьменьнік, філёзаф.

1886 – у Бэрне падпісаная Канвэнцыя аб ахове літаратурных і мастацкіх твораў, першае міжнароднае пагадненьне ў галіне аўтарскага права.

1917 – памёр Ігнат Буйніцкі, беларускі актор, рэжысэр, тэатральны дзяяч, стваральнік нацыянальнага прафэсійнага тэатру (нар. 1861).

1943 – войскі антыгітлераўскай кааліцыі высадзіліся ля Салерна і Таранта ў Італіі.

1944 – заключаная дамова паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня пра абмен насельніцтвам. Блізка 38 тысяч этнічных беларусаў Беласточчыны з агульнага ліку, які тады ацэньваўся на 150-160 тысяч, пераехалі ў Савецкі Саюз.

1948 – на акупаванай Савецкім Саюзам частцы Карэйскага паўвострава абвешчаная Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка.

1958 – нарадзілася Міра Лукша, беларуская пісьменьніца. Скончыла філіял Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку (1985). 3 1985 працуе ў беларускім тыднёвіку «Ніва» ў Беластоку. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1997. Піша па-беларуску і па-польску. Дэбютавала на старонках «Нівы» ў 1973. Выдала, сярод іншага, наступныя кнігі прозы і паэзіі: «Дзікі птах верабей» (1992), «Выспа» (1994), «Замова» (1993), «Ёсьць» (1994), «Бабскія гісторыі» (2001), «Wiersze tutejsze» (2003), «Biały stok» (2012).

1993 – Арганізацыя вызваленьня Палестыны афіцыйна прызнала Ізраіль.

2003 – памёр Эдвард Тэлер, амэрыканскі фізык, народжаны ў 1908 у Будапешце, стваральнік вадароднай бомбы.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Чуйныя рэчы з абвостраным слыхам
Моўчкі сукаюць ніць выпадковасьці.
Крэсла здранцьвелую ножку прастуе.
Стол ад абразы сьцяўся сукамі.
Пячорным дыхам склеп адрыгнуўся.
Мяса з зубоў калупае відэлец.
Парог абціраецца з пылу абутку.

Ідзі ад рэчаў, бо выйдуць самі.
Выйдуць зь імёнаў, як з краявіду.

Міра Лукша, «Рэчы непаспалітыя» (са зборніка «Ёсьць»)
XS
SM
MD
LG