Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 7 верасьня: аблога Пскова Стэфанам Баторыем, дзень нараджэньня Віктара Ганчара, прэзэнтацыя новай кнігі Алега Трусава


Актывісты з партрэтамі зьніклых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Актывісты з партрэтамі зьніклых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У сядзібе Таварыства беларускай мовы (вул. Румянцава, 13) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Алега Трусава «Невядомая нам краіна». У прэзэнтацыі возьме ўдзел Станіслаў Суднік, галоўны рэдактар газэты «Наша слова» і часопісу «Лідзкі летапісец». Пачатак у 15.00. Уваход вольны.

Менск. Інтэрнэт-часопіс «Новая Эўропа» і Цэнтар эўрапейскіх дасьледаваньняў у рамках праекту «Эўрапейскае кафэ: адкрытая прастора Эўропы» у галерэі TUT.BY (вул. Веры Харужай, 1а) запрашаюць на публічную лекцыю Ціма Байхельта «Нямеччына і ЭЗ тварам да твару са сваімі ўсходнімі суседзямі». Пачатак у 17.00. Уваход вольны.

Менск. Установы грамадзкага харчаваньня Верхняга гораду пачынаюць гатаваць нацыянальныя стравы, разьлічаныя на сярэднестатыстычны кашалёк. Акцыя працягнецца да 15 верасьня. Ва ўсіх 12-ці рэстарацыях і кавярнях, якія ўдзельнічаюць у Тыдні беларускай кухні, наведвальнікам прапануюць па шэсьць нацыянальных страў.

Азярцо пад Менскам. Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту (4 км за аўтарынак «Малінаўка») 6-7 верасьня праходзіць пяты па ліку фольк-фэст «Камяніца». 7 верасьня – вялікі фэстывальны дзень. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты «Палац», «Стары Ольса», Guda, а таксама замежныя госьці. На малой – дзіцячыя фольк-калектывы з розных куткоў краіны. Пачатак: 12.00.

Берасьце. У Берасьцейскім акадэмічным тэатры драмы адкрываецца XVIII міжнародны тэатральны фэстываль «Белая Вежа». Фэстываль працягнецца да 15 верасьня.

Івянец (Валожынскі раён, Мінская вобласьць). Кандытарская кампанія «Іўкон», Івянецкі музэй традыцыйнай культуры праводзяць цукерачны фэстываль IVKON. Пачатак а 13-й гадзіне ад плошчы Свабоды.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1191 – Падчас трэцяга крыжовага паходу Рычард Львінае сэрца разьбіў Саладына ў бітве пад Арсуфам.

1581 – пачалася аблога Пскова войскамі Рэчы Паспалітай на чале са Стэфанам Баторыем у часе Інфлянцкай вайны.
Сімяон Полацкі

Сімяон Полацкі


1667 – беларускі асьветнік Сімяон Полацкі быў афіцыйна абвешчаны настаўнікам 13-гадовага расейскага царэвіча Аляксея.

1764 – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

1776 – ЗША ўпершыню ў сьвеце выкарысталі падлодку ў ваенных мэтах.

1812 – адбылася Барадзінская бітва ў часе вайны паміж Расеяй і Францыяй.

1822 – Бразылія абвясьціла незалежнасьць ад Партугаліі.

1832 – нарадзіўся Людвік Нарбут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі і Летуве.
Cабор Сьвятога Віта ў Празе

Cабор Сьвятога Віта ў Празе


1836 – у катэдральным саборы Сьвятога Віта ў Празе адбылася апошняя каранацыя чэскага караля. Быў каранаваны Фэрдынанд I Добры.

1885 – нарадзілася Палута Бадунова, беларускі палітык, адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі.

1911 – францускі паэт беларускага паходжаньня Гіём Апалінэр быў арыштаваны па падазрэньні ў выкраданьні «Моны Лізы» зь Люўру і празь пяць дзён апраўданы.

1959 – нарадзіўся Віктар Ганчар, беларускі палітык, зьніклы бязь вестак у 1999 годзе.

1978 – ад рук агента Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Баўгарыі Франчэска Гуліна ў Лёндане загінуў баўгарскі пісьменьнік-дысыдэнт Георгі Маркаў. Яго ўкалолі атручаным парасонам.

2011 – адбылася катастрофа самалёта Як-42 пад Яраслаўлем, падчас якой загінула хакейная каманда “Лякаматыў”, у складзе якой былі беларусы Руслан Салей і Сяргей Астапчук.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

З глупствам на пару, пыха зайздрасьць плодзіць:
Скарбу чужому тым нямала шкодзіць.
Сэрца атрута, зайздрасьць родзіць шчасьцю
Сваркі ды войны, разлады й напасьці.

Сімяон Полацкі, зь верша «Зьменлівасьць усіх спраў чалавечых»
XS
SM
MD
LG