Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За каліем — бэнзін, за бэнзінам — малако


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод

Эканамічныя супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Расеяй ахопліваюць усё новыя сфэры.

Расейскія біржавыя маклеры выявілі, што ад канца жніўня на Санкт-Пецярбурскай таварна-сыравіннай біржы няма прапаноў ад беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. На думку экспэртаў, такім чынам афіцыйны Менск адрэагаваў на пагрозы манаполіі «Транснефть» скараціць у верасьні пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тысяч тон.

Паколькі доля беларускага бэнзіну на расейскім рынку нязначная — 3% ад агульнага аб’ёму — нават поўнае спыненьне паставак ня выкліча дэфіцыту. Тым ня меней пасьля забароны бэнзіну эўра-2 Расея захоўвае патрэбу ў бэнзіне эўра-3 і эўра-4, бо ня ўсе мясцовыя НПЗ перайшлі на новыя стандарты. У адпаведнасьці з дамоўленасьцямі наконт нафтавага балянсу, абгавораныя аб’ёмы сыравіны паступаюць на НПЗ у Мазыры і Наваполацку, а назад у Расею вяртаюцца ў выглядзе гатовай прадукцыі. Але за два тыдні на біржавых пляцоўках ня выстаўлена ніводнай тоны беларускага паліва.

Бэнзінавая блякада супала з арыштам у Менску гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра і наступнай заявай кіраўніцтва прадпрыемства «Транснефть» пра неабходнасьць замены трубаў на нафтаправодзе «Дружба», з-за чаго беларускія НПЗ недаатрымаюць у верасьні 400 тысяч тон нафты. Паводле шэрагу аналітыкаў, на гэты выпадак Беларусь сьпешна фармуе рэзэрвы. Між тым, як кажа экспэрт маскоўскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў, ад сярэдзіны месяца Мазырскі НПЗ спыняецца на рамонт і патрэбы ў ранейшых аб’ёмах ня будзе. Што насамрэч хаваецца за захадамі беларускіх уладаў — застаецца таямніцай:

«Трэба разглядаць два фактары. З аднаго боку, ёсьць пэўныя аб’ектыўныя падставы ў выглядзе таго, што пачынаецца рамонт на адным з НПЗ у Мазыры. Адпаведна, гэта часткова зьніжае попыт на сырую нафту. Так, да сёньняшняга моманту былі даволі вялікія аб’ёмы імпарту нафты, але калі б яны захаваліся на ўзроўні папярэдне заяўленых, то ў цэлым маглі б перавысіць даступныя магутнасьці двух беларускіх заводаў. Зь іншага боку, мы маем справу зь некаторымі спэкуляцыямі, якія маюць збольшага палітычны падтэкст, і ў гэтым зьвязку было б цікава пачуць камэнтары афіцыйных асобаў. Бо цалкам магчыма, што там хаваецца нешта яшчэ. Магчыма, прэвалююць нейкія іншыя аб’ектыўныя прычыны, якія пакуль прыхаваныя, незаўважаныя. Зразумела, што ёсьць пэўныя чаканьні і некаторыя папярэднія разьлікі, але ў любым разе хацелася б пачуць аргумэнты ўладаў».

Тым часам не выключаюцца шырокамаштабныя захады супраць беларускай малочнай прадукцыі. Галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка па выніках учорашніх перамоваў зь міністрам аховы здароўя Беларусі Васілём Жарко заявіў, што даў беларускаму боку тыдзень, каб выправіць усе хібы што да якасьці і бясьпекі. Пра гэта ён сказаў на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі:

«Няхай яшчэ раз абмяркуюць вось тыя канкрэтныя выбракоўкі, якія ў нас былі, зьвераць мэтодыкі дасьледаваньняў. Таму што на адзін і той жа інгрэдыент па розных мэтодыках можна атрымаць розныя вынікі. І тады будзем зноў размаўляць».

Калі ў адведзены тэрмін нічога зроблена ня будзе, Расея для беларускага малака зачыніцца. Калі ўлічыць, што больш як 90% беларускага малочнага экспарту прыпадае на Расею, вусныя пагрозы могуць абярнуцца сур’ёзнымі матэрыяльнымі стратамі — малочны экспарт штогод прыносіць Беларусі звыш 1 мільярда даляраў.

На беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемствах кажуць, што зьдзіўленыя чарговымі прэтэнзіямі з боку Расеі. Прадстаўніца адміністрацыі аднаго са сталічных заводаў кажа, што ўсе магчымыя недахопы выпраўленыя пасьля «малочнай вайны» 2009 году і ніякіх пытаньняў ад таго часу не было:
Тых, хто яшчэ цешыць сябе нейкімі спадзяваньнямі наконт Мытнага зьвязу, Эўразійскага зьвязу, іншых утварэньняў, хачу суцешыць: нічога ня будзе!

«Я ў гэтым зьвязку кажу вось пра што: моцнага канкурэнта заўсёды кусаць прыемна — падвышаеш уласную самаацэнку. На жаль, у Расеі карыстаюцца тым, што мы аб’ектыўна ня можам нічога ім супрацьпаставіць, бо шмат у чым ад іх залежым».

Супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак перакананы, што эканамічныя канфлікты з налётам палітыкі ў рамках расейска-беларускіх інтэграцыйных утварэньняў будуць і надалей. Па яго словах, ня можа існаваць паўнавартасны саюз «удава і труса», дзе разьмеркаваньне роляў прадвызначанае:

«Тых, хто яшчэ цешыць сябе нейкімі спадзяваньнямі наконт Мытнага зьвязу, Эўразійскага зьвязу, іншых утварэньняў, хачу суцешыць: нічога ня будзе! Згадайце яшчэ нядаўнія патугі зрабіць агульную валюту з Расеяй, запусьціць эфэмэрную саюзную дзяржаву і г.д. Гэта немагчыма, бо мы непараўнальныя ні па якіх парамэтрах. За кошт сыравіннай эканомікі Расея можа ўвогуле нічога не вырабляць, але трымаць сваю валюту, дэвальваваць яе ў ручным рэжыме, не пускаць тавары і нешта забараняць, не зьвяртаючы ніякай увагі на такога „саюзьніка“. Таму ніякага толку з такога саюзу ня будзе».

На думку экспэртаў, пасьля таго як суд адмовіў адвакатам у хадайніцтве, каб выпусьціць зь СІЗА КДБ Уладзіслава Баўмгертнэра пад асабістае паручальніцтва расейскіх чыноўнікаў, напал барацьбы на беларуска-расейскім фронце ўзмоцніцца.
XS
SM
MD
LG