Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка: Інтарэсы ўлады і апазыцыі ва Ўкраіне супалі на Эўропе


Віктар Юшчанка

Віктар Юшчанка

Нашы ўкраінскія калегі запісалі інтэрвію зь Віктарам Юшчанкам, прэзыдэнтам Украіны ў 2005-2010 гг., які выказаўся пра супольныя намаганьні цяперашніх украінскіх уладаў і апазыцыі інтэгравацца з Эўропай насуперак перасьцярогам з Крамля.

Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў гэтай размовы.

РС: Віктар Андрэевіч, ці ўкраінскія палітыкі адолеюць усе бар’еры на шляху да інтэграцыі з Эўразьвязам або, кажучы іншымі словамі, ці Віктар Януковіч ажыцьцявіць эўраінтэграцыйную мару Віктара Юшчанкі?

Юшчанка: Калі паглядзець на зоркі, то, як мне здаецца, упершыню за апошнія 22 гады склалася такая сытуацыя, калі тыя, каго мы называем апазыцыяй, і тыя, каго мы называем уладай, упершыню маюць адну мэту — інтэграцыю з Эўразьвязам. Крыніцы гэтай мэты, безумоўна, розныя. Але, напрыклад, калі я быў прэм’ер-міністрам, дык у мяне быў прэзыдэнт, які думаў пра расейскі вэктар. А калі я стаў прэзыдэнтам, дык у мяне была апазыцыя, якая думала пра расейскі вэктар. Гэта, калі гаварыць пра палітыкаў. Але я сказаў бы, што сутнасьць тут далёка не ў палітыках...

РС: А ў кім? У алігархах?

Юшчанка: У нацыі. Ведаеце, палітык — гэта марыянэтка, якой рухаюць мільёны людзей. Калі ў гэтых людзей эўрапейскае вызначэньне, я вам гарантую, што эўрапейскі выбар будзе. А калі мы да сёньняшняга дня ня ведаем, на якой мове гаворым, якая наша памяць і нашы героі ды куды мы ідзем, палітык заўсёды будзе маніпуляваць.

РС: Але вы кажаце, што зоркі склаліся. Можаце назваць тыя элемэнты, якія склаліся? Калі гаварыць пра выбар самых багатых людзей Украіны, якіх называюць алігархамі, дык яны за эўраінтэграцыю ці супраць?

Юшчанка: За. Што тычыцца алігархаў, то я тут скажу пра тры-чатыры базавыя рэчы, на падставе якіх можна сфармуляваць адказ на пытаньне, куды яны ідуць. Пачну з такога пытаньня: дзе вучацца іхныя дзеці? Я не прыгадваю ніводнага дзіцяці, якое вучылася б ва Ўнівэрсытэце Ламаносава, або Патрыса Лумумбы, або ў Баўмана. Калі мы паглядзім на рэзыдэнцыі і сядзібы, я не магу прыгадаць, хто зь іх будуецца на Рублёўцы. Калі мы гаворым пра бізнэс — а гэта сьвятая сьвятых — мне не прыгадваецца, каб хто зь іх меў у Расеі газавую ці нафтавую сьвідравіну, або 12 тысяч гектараў нявысечанага лесу, або капальні, або хімічныя камбінаты... Іхны глябальны эканамічны інтарэс не пакладзены ў Расеі.

І давайце цяпер паставім сабе палітычнае пытаньне: Што трэба сёньня ўкраінскім уладам? Пры гэтым я даю падказку — што дае пуцінская Расея ў палітычным сэнсе якому-небудзь лідэру, Украіны або іншай краіны? Яна найперш дае палітычную ізаляцыю. Туды прымаюць без умоваў, але даюць палітычную ізаляцыю. Так як далі Беларусі. Ёсьць тры краіны, куды ты можаш паляцець, тры сталіцы, дзе цябе могуць прыняць. І, уласна кажучы, ты знаходзісься ў фарватэры чужой, самадзяржаўнай палітыкі. Гэта адзін выбар.

Калі гаварыць пра тое, што сёньня патрэбнае ўкраінскай уладзе і вярхам, у гэтым ліку алігархічным, дык я думаю, што ім патрэбная легітымізацыя. Легітымнасьць дае сьвет, у якім знаходзяцца іхныя інтарэсы. Выкажу гэта мякчэй — легітымнасьць дае Брусэль.

РС: А з гледзішча эканамічных інтарэсаў, чаму, на вашу думку, нашы самыя багатыя людзі цяпер схіляюцца да Эўразьвязу?

Юшчанка: Я паўтару: Таму што эўрапейская палітыка сёньня нясе ня толькі эканамічную выгаду для гэтага кляну. Гэтая палітыка прыносіць ім прызнаньне або, калі ўжыць тут не ўкраінская слова, легітымізацыю. На маю думку, сёньня гэта ключавое пытаньне. Гэта ня значыць, што яны сталі эўрапейцамі. Гэта ня значыць, што яны кінуліся да свабоды, абнялі яе і кажуць — гэта наша каштоўнасьць. Хутчэй за ўсё, гэта будзе адбывацца пад розным ціскам, у тым ліку і грамадзкім, але ў аснове гэтага памкненьня знаходзіцца карпаратыўная і прыватная матывацыя, якая сёньня, на шчасьце, супала з нацыянальным інтарэсам.

Іншыя адказы Віктара Юшчанкі можна прачытаць на сайце ўкраінскай службы РС.
XS
SM
MD
LG