Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кагосьці ў ваньне насьцігае кінжал, кагосьці — вяхотка, а кагосьці — гонар і слава. 7 верасьня 1581 году філёзаф і пісьменьнік Мішэль Мантэнь ляжаў сабе, нікога не чапаючы, у адной з купальняў італійскага горада Люка, знакамітага сваімі лекавымі падземнымі крыніцамі. І тут — ліст з Францыі, які ледзь не намок да непазнавальнасьці, бо Мантэнь упусьціў яго ў ваду. Ліст, які прымусіў камяні ў нырках Мантэня на нейкі час адступіць і скласьціся ў нейкае падабенства трыюмфальнай аркі. Ён абраны мэрам Бардо, паведамлялася ў пасланьні. І мусіць не марудзячы прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў.

Зрэшты, філёзафы — ня той народ, які можна пацешыць такой забаўкай, як дзяржаўная пасада. Нельга сказаць, што навіна ўзрадавала Мантэня. Лежачы ў яшчэ цеплаватай вадзе, ён успомніў, як бачыў нядаўна ў Рыме маскоўскага пасла на прыёме ў Папы. Апрануты, як нейкая помесь сарацына з сыраварам, той ўпарта адмаўляўся пацалаваць Папу ў пантофлік. Пры гэтым пасол не гаварыў ні на воднай мове, апрача маскоўскай. Давялося ўгаворваць яго ўсёй грамадою... Мантэнь лена перавярнуўся на другі бок і падумаў, што калі ён прыме гэтае прызначэньне, дык і яму ад цалаваньня туфлікаў не адкруціцца. Хай сабе і ад мэтафарычнага. Што карысьней для францускай дзяржавы: філёзафы, што цалуюць туфлікі, або туфлікі, што топчуць філёзафаў?

Некалькі дзён ён абдумваў гэтую няпростую дылему, узважваў усе за і супраць. 10 верасьня ён, паводле ягоных словаў, «ляжыць у жаночай купальні», вада халодная, як лёд, і камяні ў нырках Мантэня зноў варушацца. Пасьля купаньня, так нічога і ня вырашыўшы, ён садзіцца на каня, каб пакатацца па ваколіцах Люкі і сагрэцца. Каля адной вёскі яму трапляецца нейкі селянін. «А што, міо аміко, — пытаецца Мантэнь, — ці часта вы самі карыстаецеся сваімі цудоўнымі водамі, якімі так шчодра ўзнагародзіла вас прырода?»

«Сіньёр, — адказвае тасканец. — Гэтыя воды лечаць толькі іншаземцаў».

Узрушаны Мантэнь запісвае гэта ў свой дзёньнік, а неўзабаве даведваецца, што сам кароль ужо даслаў яму ліст зь віншаваньнем, і вяртаецца ў Францыю. У нырках Мантэня застаюцца камяні, а ў Бардо зьяўляецца галава — самая сьветлая за апошнія некалькі стагодзьдзяў. Нам бы такую.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG