Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дыпляматычны кур’ер перапраўляў вайсковае абсталяваньне з ЗША

абноўлена

У мэмарандуме амэрыканскага суду сьцьвярджаецца, што беларускі дыпляматычны кур’ер нелегальна перапраўляў вайсковае абсталяваньне з ЗША ў Беларусь.

6 верасьня фэдэральны суд Усходняй акругі штату Пэнсыльванія вынесе прысуд Сяргею Балтуцкаму, грамадзяніну Беларусі. Балтуцкага вінавацяць у арганізацыі злачыннай групоўкі, якая гандлявала зброяй, паведамляе Голас Амерыкі.

Паводле сьледзтва, Балтуцкі ачольваў групу кантрабандыстаў, якая перапраўляла зброю з ЗША.

У групоўку ўваходзілі:

  • Ягор Ясін
  • Аляксандар Бельскі
  • Віталь Цішук
  • Аляксандар Сташынскі
  • Вольга Дубоўская
  • Эрнэст Чарналецкі
  • Джордж Царык

«Балтуцкі таксама працаваў і зь дзьвюма асобамі, якія пражываюць у Беларусі: Раманам Ясевым, а таксама дыпляматычным кур’ерам, вядомым пад ініцыяламі „А.С.“, які працуе на ўрад Беларусі. Мэтай змовы былі продаж і нелегальны вываз з тэрыторыі ЗША ў Беларусь вялікіх партыяў высокатэхналягічнага вайсковага абсталяваньня, якое падлягае экспартнаму кантролю. У прыватнасьці, вывозіліся прыцэлы для аўтаматычных вінтовак, цеплавізійныя сыстэмы і іншыя прыборы начнога бачаньня для вайсковага ўжытку», — гаворыцца ў мэмарандуме суду.

Усё пералічанае ў дакумэнце абсталяваньне забароненае да экспарту, аднак ні Балтуцкі, ні астатнія чальцы групоўкі не атрымлівалі ліцэнзіі на вываз, гаворыцца ў заяве.

Балтуцкі і яго хаўрусьнікі купілі абсталяваньня, забароненага да вывазу з тэрыторыі ЗША, больш як на 700 тысяч даляраў. Аднак, паведамляецца ў дакумэнце, дакладныя сумы куплі і продажу сьледчым невядомыя, бо злачынцы адправілі шмат пасылак, зьмесьціва якіх да гэтага часу застаецца невядомым.

«Балтуцкі таксама рэгулярна абменьваўся з кур’ерам А.С. пасланьнямі праз электронную пошту, у якіх яны абмяркоўвалі набыцьцё вайсковага абсталяваньня. А.С. быў дыпляматычным кур’ерам, які, працуючы на ўрад Беларусі, выкарыстоўваў дыпляматычную пошту для нелегальнага вывазу вайсковых прыстасаваньняў, якія яму дастаўляліся ў Нью-Ёрк Ягорам Ясіным і іншымі чальцамі групы» , — гаворыцца ў паведамленьні суду.

Балтуцкі прызнаў сябе вінаватым па трох пунктах абвінавачваньня 25 студзеня 2013 году.

Балтуцкаму пагражае ад 108 да 135 месяцаў турэмнага зьняволеньня.

Аднак, уважаючы на сур’ёзнасьць і маштабы злачыннай дзейнасьці Балтуцкага, урад ЗША рэкамэндуе суду прымяніць да падсуднага вышэйшы абвінаваўчы парог — аж да 188 месяцаў пазбаўленьня волі.

МЗС ня верыць «галасам»


Прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных у інтэрвію «Свабодзе» сказаў, што ня схільны давяраць розным «галасам», таму варта пачакаць інфармацыі з больш надзейных крыніцаў:

«Магчыма, нейкі беларус сапраўды займаўся чымсьці супрацьпраўным на тэрыторыі ЗША — значыць, будзе асуджаны. У гэтым выпадку, без усялякага сумневу, консульская служба будзе ажыцьцяўляць консульскі нагляд за ўмовамі яго ўтрыманьня, калі такая патрэба сапраўды будзе. У Злучаных Штатах, як правіла, праблемаў з гэтым няма. На маю думку, нічога тут такога экстраардынарнага».

Падазрэньні ў тым, што Сяргей Балтуцкі нібыта працаваў пад прыкрыцьцём беларускага ўраду, спадар Савіных назваў абсурднымі: «Усё зло на сьвеце, калі верыць „Голасу Амэрыкі“, ажыцьцяўляецца з санкцыі рэжымаў, якія ЗША не даспадобы. Насуперак здароваму сэнсу і рэальнай сытуацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG