Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў: ня варта экзальтаваць сытуацыю вакол Керымава


Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў

Крэмль не камэнтуе сытуацыю вакол Сулеймана Керымава, бо пакуль не валодае поўнай інфармацыяй.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Беларускія ўлады завялі супраць расейскага сэнатара крымінальную справу і шукаюць яго праз Інтэрпол. Паводле Пяскова, са справай адносна Керымава трэба «спакойна разабрацца».

«Дачыненьні паміж дзяржавамі — асабліва такімі саюзнымі дзяржавамі, як Расея і Беларусь — заўсёды прыярытэтныя параўнальна з адносінамі паміж нейкімі карпарацыямі, прадпрымальнікамі. Таму, безумоўна, ня варта нейкім чынам экзальтаваць гэтую сытуацыю, трэба ва ўсім спакойна разабрацца», — адзначыў Пяскоў у інтэрвію тэлеканалу Russia Today.

Паводле Пяскова, Крамлю пакуль не вядома, у чым вінавацяць кіраўніцтва кампаніі і па якой прычыне Сулейман Керымаў аб’яўлены ў вышук.

«Я не сумняваюся, што нашы кампэтэнтныя органы будуць у кантакце зь беларускімі калегамі і атрымаюць усю інфармацыю. Толькі пасьля гэтага можна ўжо складаць нейкае меркаваньне пра аб’ектыўнасьць або неаб’ектыўнасьць. Пакуль любыя размовы абсалютна заўчасныя», — сказаў ён.

«У Крамлі пастаянна гаварылася і гаворыцца, што абарона інтарэсаў расейскіх грамадзян і расейскага бізнэсу за мяжой заўсёды была і будзе заставацца сярод прыярытэтаў расейскай дзяржавы», — сказаў Пяскоў.

Сулейман Керымаў разам з затрыманым у Менску кіраўніком «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам стаў фігурантам крымінальнай справы аб дзейнасьці «Беларускай калійнай кампаніі». Інтэрпол абвясьціў Керымава ў міжнародны вышук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG