Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачуе «бацька» Лукашэнка жлобінскіх цыганоў?


У вёсцы Лебядзёўка, прыгарадзе Жлобіна, дзе пры канцы верасьня пройдуць рэспубліканскія «Дажынкі», з уласных дамоў выселілі каля двух дзясяткаў мясцовых цыганоў.

Сем непрэзэнтабэльных хатаў, якія мазолілі вочы, разбурылі і цяпер закопваюць у дол. Цыганы сьцьвярджаюць, што ўлады не далі ім ані новага жытла, ані хоць якой кампэнсацыі.

Паселішча цыганоў выглядае цяпер акурат як пасьля бамбаваньня. Груды бярвеньня, цэглы, напаўраскрытыя дахі яшчэ ня зьнесеных пабудоваў, адзінокія цяляты ля хлявоў ды каты ў пустых аконных праёмах — усё гэта нямыя сьведкі вялікай драмы тутэйшых пасяленцаў.

72-гадовая Тамара Акулава з дочкамі прыехала набраць у самаробны вазок дроў. Яна выгадавала дзесяць дзяцей — 8 сыноў і 2 дачкі. Тамарынай хаты ўжо няма — ад яе застаўся толькі стажок паламаных дошак, патрушчанага бярвеньня ды іншага будаўнічага друзу:

«Сказалі: выбірайся — і ўсё тут. А што мне цяпер рабіць? Хіба шацёр тут паставіць ды так і жыць. Я нікуды не пайду ад гэтага месца: тут мой дом! Нікуды не пайду, пакуль не прыедзе сюды Лукашэнка».
Тамара Акулава з дочкамі Нонай і Анжэлай

Тамара Акулава з дочкамі Нонай і Анжэлай


Хату Анжэлы, Тамарынай дачкі, таксама зносяць. Яна з чатырма дзецьмі яшчэ начавала сёньня ў сябе дома, але дах на хаце камунальнікі паламалі ўжо — вымушаюць высяляцца.

Анжэла: «Тут даўно ўсе пабудаваліся — з 1975 году тут жывуць. А цяпер пачынаюцца „Дажынкі“, і з-за „Дажынак“ пачалі зносіць дамы, бо яны навідавоку каля моста праз Дняпро. Добрыя жылыя дамы былі. І жывёлу тут трымалі. Месца тут прыдатнае. І дзяцей тут шмат было. Сусед быў зь дзецьмі малымі — багата тут пражыў. Пайшоў цяпер зь дзецьмі невядома куды. Старая жанчына тут была. І дзеці былі ў яе. Таксама ня ведаем, куды паехала. Пабурылі, павалілі хаты, нават не пытаючыся. Нават часу не даюць, каб забраць усё з дома. Адразу валяць — усё, выбірайцеся. Мы тут зь імі лаемся: дайце хоць выбрацца!»
Хата Анжэлы

Хата Анжэлы


Жанчына кажа, што двое ейных дзяцей школьнага ўзросту ня вучацца. Жылі без рэгістрацыі. Хаты будавалі самавольна. Меліся ўжо ўзаконіць пабудовы, дакумэнты афармлялі, як прапанаваў старшыня Луцкага сельскага савету Пётар Адамавіч Альхоўскі. Нават штрафы заплацілі. Але марна — хаты пайшлі пад каўшы экскаватараў:

«Адамавіч, старшыня наш з Луцкага сельсавету, нас абмануў. Сказаў: рабіце на дамы дакумэнты, паколькі пабудовы самавольныя. Мы пачалі афармляць дакумэнты. Заплацілі штрафы. А потым сказаў: усё, дакумэнтаў ня будзе — будзем дамы зносіць. І во куды ісьці жыць? Седзімо тут да апошняга. Бураць во, а куды ісьці жыць — я ня ведаю. Адамавіч падманвае, што мы далі згоду, каб нашыя дамы разбуралі».
Разьвітаньне з падворкам

Разьвітаньне з падворкам


Каму жаліцца, у каго шукаць абароны — цыганы й не прыдумаюць. Спадзеў толькі на Аляксандра Лукашэнку:

«Трэба „бацьку“ Лукашэнку жаліцца! Гэта проста Лукашэнка нічога ня ведае. Калі ён даведаецца, у Жлобіне ўсе паляцяць. Ён жа нічога ня ведае, а тут усё ўціхую робяць. Калі даведаецца, то й мэр гораду пацерпіць. І Адамавіч таксама. Такога не было, каб людзей зь дзецьмі на зіму выкідалі. Хачу, каб ведаў пра гэта Лукашэнка, „бацька“ наш. І каб ён гэта ім не дараваў. Няхай бы платы паставілі, адгарадзілі нас, а хаты пакінулі».

Пэнсіянэр Сяргей Рушнякоў, якія меў працоўны стаж і цяпер атрымлівае 800 тысяч рублёў пэнсіі, таксама ня ведае, як і куды прыткнуць галаву:

«Бачыце самі, што тут адбываецца. Разбураюць! Усё ў зямлю закопваюць. І ні кватэры табе, анічога. Цяпер усе цыганы пакутуюць».
Сяргей Рушнякоў

Сяргей Рушнякоў


Адзін з жлобінскіх камунальнікаў патлумачыў, што паўз цыганскія паселішчы будуць пракладаць аб’язную дарогу ў Жлобін. Таму цыганскія хаты і не ўпісаліся ў канву рэспубліканскіх «Дажынак».

Старшыня Луцкага сельсавету Пётар Альхоўскі на тэлефонны запыт адмовіўся даваць камэнтар, заявіўшы, што, магчыма, яму тэлефануюць не журналісты, а нейкія там «лазутчыкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG