Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іэн Андэрсан: Інтэрнэт — тое, што можа забіць творчую ініцыятыву


<a href="http://www.shutterstock.com/gallery-2887p1.html?cr=00&pl=edit-00">Palis Michalis</a> / <a href="http://www.shutterstock.com/?cr=00&pl=edit-00">Shutterstock.com</a>

<a href="http://www.shutterstock.com/gallery-2887p1.html?cr=00&pl=edit-00">Palis Michalis</a> / <a href="http://www.shutterstock.com/?cr=00&pl=edit-00">Shutterstock.com</a>

6 верасьня з адзіным канцэртам у Менску выступіць легендарны брытанскі гурт «Jethro Tull», гісторыя якога бярэ пачатак яшчэ ў другой палове 1960-х. Нязьменны лідэр, вакаліст, флейтыст і гітарыст каманды Іэн Андэрсан — пра сцэнічнае доўгажыхарства, стаўленьне да тэхнічнага прагрэсу, інтэрнэт-пірацтва і ролю гумару ў жыцьці сапраўднага мужчыны.

У 2009 годзе Іэн Андэрсан са сваім калектывам упершыню наведаўся ў Менск, сабраўшы поўны Палац спорту. Гэтым разам канцэртнай пляцоўкай будзе Тэатар музычнай камэдыі. Нягледзячы на даражэзныя квіткі (100–150 даляраў) і не зусім рокавую сцэну, таксама зьбіраецца аншляг. І ня дзіва: «Jethro Tull» уваходзіць у сымбалічную пяцёрку самых наватарскіх камандаў сьвету разам з «Beatles», «Rolling stones», Genesis і «Led Zeppelin», а Іэн Андэрсан па сукупнасьці творчых заслугаў ушанаваны званьнем ганаровага кавалера Ордэна Брытанскай імпэрыі. Між тым сам Андэрсан лічыць, што цяпер прыхільнікаў у гурту нават больш, чым на піку папулярнасьці:

Іэн Андэрсэн і амэрыканскі сьпявак Scott McKenzie у Брэмэне, 27 лістапада 2004

Іэн Андэрсэн і амэрыканскі сьпявак Scott McKenzie у Брэмэне, 27 лістапада 2004

«Пік сфакусаванай папулярнасьці гурту прыпаў на 1970-я гады. У гэтыя гады мы былі вельмі папулярныя ў некаторых аддаленых краінах, асабліва гэта тычыцца Злучаных Штатаў. Але цяпер у нас нават большая папулярнасьць, калі глядзець з гледзішча геаграфіі. Я ўвогуле разглядаю сябе ў якасьці музычнага амбасадара па ўсім сьвеце, бо цяпер мы папулярныя далёка за межамі Брытаніі ці ЗША. Справа ў тым, калі параўноўваць з тымі ж 1970-мі, то тады папулярнасьць вымяралася найперш не пазнавальнасьцю ці непазнавальнасьцю гурту, а тым, колькі ты прадаваў кружэлак і колькі ладзіў канцэртаў. Тады быў крыху іншы фокус папулярнасьці. Сёньня яна шырэйшая, больш глябальная, скажам так. Хоць, зразумела, да ўсяго гэтага трэба ставіцца з пэўнай доляй гумару і іроніі».



Унікальны гук, па якім беспамылкова пазнаеш «Jethro Tull», быў створаны на мяжы 1960–70-х. Тады былі запісаныя галоўныя альбомы: «Stand Up», «Aqualung», «Living in the Past». Замацавацца на вяршыні, перакананыя крытыкі, дапамагла флейта, посьпех якой у рок-музыцы многія ставілі пад сумнеў.

Але зь цягам часу менавіта флейта Андэрсана стала галоўным апазнавальным знакам «Jethro Tull», і вось ужо чатыры дзясяткі гадоў яна — самы ганаровы пасажыр у багажы Андэрсана. Андэрсан прызнаецца, што з-за свайго кансэрватызму цяжка прызвычайваецца да ўсяго новага, але паступова мусіць капітуляваць перад тэхнічным прагрэсам:
Нельга ж уявіць, што ў дачыненьні да такіх штодзённых прадметаў, як хлеб ці малако, можна спадзявацца, што нехта іх дасьць бясплатна. Але калі гэта тычыцца музыкі, шмат хто чамусьці лічыць, што так і павінна быць — залез у інтэрнэт і спампаваў чужую працу.

«Прадмет, які пастаянна з сабой важу, — гэта IPad. Ня тое што я ўвесь час слухаю на ім музыку, бо ў астатніх хлопцаў — музыкаў і тэхнікаў — заўсёды ў вушах навушнікі і яны нешта слухаюць. Я важу гэты айпад, бо ў мяне там запісана практычна ўсё тое, што я калісьці зрабіў. І калі ёсьць неабходнасьць выклікаць нешта з памяці, асьвяжыць нейкі кавалак, прычым ня толькі студыйны, бо там запісаныя мае працы, канцэртныя творы, музыка, якая патрэбная мне асабіста, то я гэта раблю.

Таксама ёсьць у мяне адна штучка, невялікі мікрафон, які можна падлучыць да айпаду на той выпадак, калі раптам у гатэлі нападзе натхненьне і я пачну нешта складаць. Нейкая мэлёдыя, кавалачак, каб насьпяваць яго, пакуль ён не адляцеў з памяці. Я магу проста запісаць. Апроч таго, гэты мікрафон можна падключыць да мікшэрнага пульту падчас канцэрту і цалкам запісаць увесь выступ, каб потым яго праслухаць, прааналізаваць. Бадай, гэта мой самы галоўны тэхнічны прадмет, які часьцей за іншыя важу з сабой».



Аднак ня ўсе тэхнічныя заваёвы, на думку Андэрсана, ідуць музыкам на карысьць. У прыватнасьці, бясплатнае спампоўваньне з інтэрнэту наўпрост адбіваецца на фінансавых магчымасьцях творцаў:

«Увогуле гэта вялізная праблема, якая стаіць перад музычнай індустрыяй. Асабліва балюча гэта б’е па маладых музыках, якія толькі пачалі працаваць, пачалі запісваць музыку. Мы ствараем такую культуру ў грамадзтве, што як бы само сабой разумеецца — гэта можна атрымліваць бясплатна. Такое проста недапушчальна. Нельга ж уявіць, што ў дачыненьні да такіх штодзённых прадметаў, як хлеб ці малако, можна спадзявацца, што нехта іх дасьць бясплатна. Але калі гэта тычыцца музыкі, шмат хто чамусьці лічыць, што так і павінна быць — залез у інтэрнэт і спампаваў чужую працу.

Стварэньне музыкі, якую мы хочам бясплатна атрымаць, каштуе пэўных грошай, і часта немалых. У мае часы, у 1960–1970-я гады, студыі гуказапісу, буйныя лэйблы вельмі дапамагалі артысту (калі артыст быў таго варты) разьвівацца — запісваць музыку, прасоўваць тавар. Яны ўкладалі ў цябе, укладалі ў якасны запіс. Сёньня маладыя музыкі гэтага пазбаўленыя. І я прадбачу, што ў будучым мы можам увогуле страціць такое паняцьце, як музыка, бо зьнікне стымул да крэатыўнасьці — ствараць музыку, ствараць новыя песьні. Ніхто ня хоча за гэта плаціць; усе лічаць, што гэта бясплатны прадукт, які можна атрымліваць з дапамогай інтэрнэту.

Інтэрнэт — цудоўны інструмэнт, які шмат можа зрабіць дзеля папулярызацыі, прасоўваньня тавару ці прадукту, але гэта і тое, што можа забіць творчую ініцыятыву людзей, якія ствараюць нешта цікавае і нічога ня бачаць ад гэтага ўзамен».



Пры канцы 2013-га споўніцца 45 гадоў падзеі, якая стала для «Jethro Tull» пачаткам доўгага творчага шляху. Такім адпраўным пунктам быў удзел у тэлевізійным шоў «Rolling Stones Roсk and Roll Circus», дзе Андэрсан апынуўся ў кампаніі з удзельнікамі «салянкі» «The Dirty Mac» у складзе Джона Ленана, Эрыка Клэптана, Кіта Рычардса, Ёка Она ды іншых. Халерычны малады чалавек з рудой шавялюрай і з флейтай умомант стаў папулярнай асобай. Увогуле канец 1960-х на Захадзе быў адзначаны росквітам новай музычнай культуры, шмат было эпатажу, артысты выкарыстоўвалі «карагодныя» строі. Куды ўсё зьнікла?
У маім жыцьці гумар — вельмі важны складнік. Многія разглядаюць гумар як нейкія салёныя жартачкі ў кампаніі мужчын, калі яны п’юць піва. Шмат хто лічыць гумарам менавіта гэта. Я лічу, што гумар — гэта калі ты здольны расьсьмяшыць ці прымусіць усьміхнуцца жанчыну ці дзяўчыну.

«У мяне сапраўды часта пра гэта пытаюцца. На самой справе, быў пэрыяд, калі на сцэне так убіраліся практычна ўсе гурты, папулярныя сьпевакі. У 1970-х Дэвід Боўі, „Genesis“, „Jethro Tull“ ды іншыя выбіралі строі тэатральнага кшталту. Дарэчы, гэты пэрыяд цягнуўся ня так і доўга, гэта было літаральна некалькі гадоў. Бо ў нейкі момант гэта стала падавацца крыху не да месца, недарэчным і сьмешным. І мы ад гэтага адмовіліся.

То бок быў прамежак, калі музыкі выступалі проста ў джынсавай адзежы, а потым рэзка перайшлі да нейкіх тэатралізаваных убораў. Але гэты пэрыяд, яшчэ раз кажу, быў досыць кароткі і хуткаплынны. І ў той момант калі гэта пачало глядзецца не зусім арганічна на сцэне, практычна ўсе — ня толькі „Jethro Tull“ — вырашылі ад гэтага адмовіцца і перайсьці на больш практычны варыянт адзеньня».

Канцэрт Іэна Андэрсана

Канцэрт Іэна Андэрсана

Размаўляючы з журналістамі, Іэн Андэрсан цярпліва выслухоўвае пытаньні, на якія даводзіцца адказваць, магчыма, соты раз, а таксама шмат іранізуе, жартуе. І прызнаецца, што гумар у ягоным жыцьці мае зусім ня другасную ролю:

«У маім жыцьці гумар — вельмі важны складнік. Многія разглядаюць гумар як нейкія салёныя жартачкі ў кампаніі мужчын, калі яны п’юць піва. Шмат хто лічыць гумарам менавіта гэта. Я лічу, што гумар — гэта калі ты здольны расьсьмяшыць ці прымусіць усьміхнуцца жанчыну ці дзяўчыну. У адносінах паміж мужчынам і жанчынай гэта вельмі важны фактар, калі ты можаш у свайго партнэра, чалавека, які табе блізкі і дарагі, якога ты любіш, выклікаць добры сьмех.

Прынамсі, для мяне гэта вельмі важна ў жыцьці. І я заўсёды цешуся наіўным спадзяваньнем, што мілыя дзяўчаты-журналісты, якія сядзяць на прэсавых канфэрэнцыях і ўсьміхаюцца, яны ўсьміхаюцца менавіта маім жартам. Хоць падсьвядома я ведаю, што яны проста сьмяюцца зь мяне (сьмяецца сам)».

Афіцыйнай датай нараджэньня гурту лічыцца 20 сьнежня 1967 году. Як расказаў Іэн Андэрсан, неяк у бібліятэцы ён натрапіў на кнігу «The New Horses Hoeing Husbandry», аўтарам якой быў Джэтра Тал (Jethro Tull). Гэты аграном-аматар жыў у Англіі ў XVIII стагодзьдзі і праславіўся тым, што ўдасканаліў плуг-сеялку — выкарыстаў некаторыя элемэнты арганаў, у тым ліку пэдаль. Андэрсан палічыў такі сымбіёз вартым увагі і ўвекавечыў вынаходніка ў назьве гурту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG