Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўмгертнэра — ня выпусьцілі, Сямашку — не пасадзілі


Аркадзь Дварковіч
Аркадзь Дварковіч

Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка правёў перамовы з сваім расейскім калегам Аркадзем Дварковічам.

Абодва чыноўнікі курыруюць ва ўрадах сваіх краінаў паліўна-энэргетычную сфэру і абмяркоўвалі пэрспэктывы пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Сустрэча адбывалася пасьля арышту ў Менску гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Менавіта Дварковіч прыгразіў асымэтрычнымі захадамі высокапастаўленым асобам, якія прыкрывалі кантрабанду нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў.

Як і прагназавалі аналітыкі, у часе размовы паміж Дварковічам і Сямашкам пытаньні сыравінных паставак адышлі на другі плян. Першым чынам намесьнік старшыні ўраду Расейскай Фэдэрацыі заявіў, што расейскі бок лічыць непрымальнай сытуацыю з арыштам Баўмгертнэра 26 жніўня. Асабліва ён акцэнтаваўся на тым, што прадстаўнік кампаніі «Ўралкалій» прыехаў у Менск на асабістае запрашэньне прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, якое было накіраванае на падставе дамоўленасьцяў на міжурадавым узроўні. Затрыманьне адразу пасьля сустрэчы з прэм’ерам, па словах Дварковіча, — выпадак з катэгорыі невытлумачальных.

Доктар эканамічных навук, прафэсар, адзін з ідэолягаў лібэральных рэформаў у Расеі Яўген Ясін падтрымлівае заклапочанасьць кіраўнікоў расейскага ўраду, кажучы, што выпадак з Баўмгертнэрам наглядна дэманструе эфэмэрнасьць так званай саюзнай дзяржавы:

Яўген Ясін
Яўген Ясін
«Я так мяркую, што саюзьніцкія адносіны падтрымліваюцца альбо тым, што існуе згода паміж партнэрамі, калі яны разам выпрацоўваюць умовы пагадненьняў, альбо нейкімі асабістымі адносінамі. У дадзеным выпадку гэта хутчэй асабістыя адносіны Пуціна і Лукашэнкі. І паколькі яны кожны раз аказваюцца няўраўнаважанымі, то, карыстаючыся ўладай, удзельнікі гульні парушаюць усё, што прынята ў агульнай міжнароднай практыцы. Так сталася і гэтым разам. Я дэталёва не разьбіраўся ў гэтай справе, магу толькі меркаваць, што ў Беларусі шчодра падаецца інфармацыя, якая кажа, што супраць „Беларуськалія“ ўчынены рэйдэрскі захоп, нейкія іншыя рэчы. Я не бяруся камэнтаваць што б там ні было з гэтай нагоды. Аднак сам арышт, затрыманьне Баўмгертнэра, я лічу, — гэта брыдота, якая не ўкладаецца ня тое што ў міжнародныя рамкі, але нават у рамкі дзяржавы, у якой існуюць і паважаюцца законы. Я ўвогуле не разумею, як такое магчыма!»

Мяркуючы па сьціслай справаздачы на сайце расейскага ўраду, сустрэча Аркадзя Дварковіча і Ўладзімера Сямашкі была нядоўгай. Спадар Дварковіч адзначыў, што ўзаемадзеяньне па пытаньнях, узьнятых падчас перамоваў, будзе працягнута падчас кансультацыяў міжведамасных групаў Расеі і Беларусі на наступным тыдні. Але папярэдзіў, што іх вынікі будуць залежаць ад разьвіцьця сытуацыі ў цэлым, у тым ліку гэта тычыцца і справы Баўмгертнэра.

Разам з тым ужо відавочна, што эканамічныя карэктывы ў адносінах паміж Масквой і Менскам непазьбежныя. Так, гаворачы пра нафтавы балянс, Аркадзь Дварковіч сказаў, што расейскі бок мае намер паставіць у Беларусь цягам 2013 году 18,5 мільёна тон нафты і што зыходзячы з гэтага будуць узгадняцца аб’ёмы на IV квартал. Для параўнаньня, летась беларускія НПЗ атрымалі на 3 мільёны тон болей, а на гэты год беларускі бок прасіў 23 мільёны тон нафты. Аднак, як лічыць эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, чакаць кардынальнага зьмяншэньня ўсё ж не выпадае — беларускі рынак для расейскіх нафтатрэйдэраў прыбытковы:

Алесь Герасіменка
Алесь Герасіменка
«Расеі, што б там хто ні казаў, выгадныя пастаўкі нафты ў Беларусь. Выгадныя зь некалькіх прычын: найперш, яны непасрэдна маюць выручку ад продажу сюды нафты. Па-другое, знаходзяць для сябе тут істотны рынак збыту, бо так проста зьменшыць пастаўкі сюды і павялічыць іх на зьнешні рынак можа не атрымацца — усё ж ёсьць канкурэнцыя на ўсясьветным рынку нафты і нафтапрадуктаў. Нарэшце, яна таксама мае паступленьні ў бюджэт ад пералічэньня мыта, якое мы аддаём ім ад экспарту нафтапрадуктаў. Таму нездарма кіраўнік „Раснафты“ спадар Сечын заявіў, што яны зацікаўленыя ў захаваньні аб’ёмаў паставак, калі кіраўніцтва нафтаправоду „Дружба“ папярэдзіла, што на нейкі пэрыяд яны іх усё ж скароцяць. Вось вам пацьверджаньне таго, што і расейскі нафтабізнэс зацікаўлены ў захаваньні гэтых паставак у Беларусь».

Адразу пасьля затрыманьня Ўладзіслава Баўмгертнэра спадар Дварковіч заявіў, што ня выключаныя асымэтрычныя захады супраць вінаватых у бізнэсе на так званых растваральніках і разбаўляльніках. Ад бязмытнай кантрабанды нафтапрадуктаў у трэція краіны пад выглядам прадукцыі нафтахіміі расейскі бюджэт страціў больш як 2 мільярды даляраў — Менск інкрымінуе «Ўралкалію» страты на 100 мільёнаў даляраў. Ці бясьпечна было ехаць у Маскву Ўладзімеру Сямашку, які наўпрост адказвае за нафтахімічны комплекс Беларусі? Меркаваньне Алеся Герасіменкі:

«Тэарэтычна што заўгодна можа быць. Калі Расея дасьць адмашку сваім праваахоўным органам узбудзіць крымінальную справу і палічыць, што хтосьці з нашых высокапастаўленых чыноўнікаў быў задзейнічаны ў гэтых схемах, то мы ня можам такога выключаць. Тэарэтычна. Але ж сьцьвярджаць адназначна таксама нічога нельга, бо такія справы — не для прэсы, як кажуць. Немагчыма камэнтаваць тое, дзе няма фактаў і дакладнай інфармацыі».

Таксама ў часе перамоваў бакі закранулі сытуацыю ў галіне паставак беларускай сельгаспрадукцыі. Аркадзь Дварковіч пацьвердзіў, што ў Расеі ёсьць прэтэнзіі да якасьці і бясьпекі цэлага шэрагу тавараў, вырабленых у Беларусі. Перадусім гэта тычыцца малочнай прадукцыі. Апроч таго, расейскія ведамствы вывучаюць сытуацыю з рээкспартам тавараў з трэціх краін пад выглядам беларускіх.

Ці варта чакаць далейшага абвастрэньня расейска-беларускіх адносін? Эканаміст, былы намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Аляксашанка перакананы: напружанасьць будзе існаваць толькі да таго моманту, пакуль за навядзеньне парадку ня возьмуцца першыя асобы дзяржаваў:

«Мне падаецца, што ў адказе на гэтае пытаньне няма ніякіх сакрэтаў. Увогуле кажучы, краінаў, у якіх эканоміка памірае і як быццам кудысьці зьнікае, проста не бывае. Нават Куба, якая шалёна залежала ад савецкіх паставак усяго, чаго толькі можна, пасьля спыненьня дапамогі з боку Масквы нейкім чынам усё ж існуе. Такога кшталту супярэчнасьці ў адносінах паміж Расеяй і Беларусьсю здараюцца далёка ня першы раз, і я моцна сумняюся, што апошні. І, як традыцыйна гэта ў нас бывае, кропка будзе пастаўленая падчас перамоваў на вышэйшым узроўні. Гэта можа быць сустрэча прэзыдэнтаў, сустрэча прэм’ераў альбо агульная сустрэча. Урэшце, узаемаадносіны Расеі і Беларусі ці ЭўрАзЭС і Беларусі — гэта пытаньне палітычнае, эканоміка тут другасная».

Ні Ўладзімер Пуцін, ні Аляксандар Лукашэнка пакуль публічна ніяк не адрэагавалі на затрыманьне Ўладзіслава Баўмгертнэра, абвяшчэньне ў міжнародны вышук асноўнага акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава і шэрагу топ-мэнэджэраў «Беларускай калійнай кампаніі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG