Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі пачынае 81 тэатральны сэзон прэм’ерай балету «Вітаўт».

Музыку склаў беларускі кампазытар Вячаслаў Кузьняцоў, аўтар некалькіх сымфоніяў, балетаў, опэр, інструмэнтальных, вакальных, харавых твораў.

Лібрэта напісалі драматург Аляксей Дудараў і намесьнік гендырэктара тэатру Ўладзімер Рылатка. Харэограф і пастаноўшчык спэктакля — народны артыст Беларусі Юры Траян, дырыжор-пастаноўшчык — Вячаслаў Воліч, мастак-пастаноўшчык — ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Эрнст Гейдэбрэхт, мастак па сьвятле — запрошаны зь Пермі Сяргей Мартынаў.

«Вітаўт» — гэта адлюстраваньне гістарычных падзеяў, якія разгортваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV–XV стагоддзях. У аснове сюжэту — барацьба за трон паміж братамі Вітаўтам і Ягайлам.

У спэктаклі занятыя вядучыя салісты балету: Вольга Гайко, Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Антон Краўчанка, Юры Кавалёў, Алег Яромкін, Іван Савянкоў і іншыя.

Акрамя «Вітаўта», у гэтым сэзоне гледачоў чакаюць яшчэ 12 прэм’ер, у тым ліку балеты «Шэсьць танцаў», «Сем прыгажунь», опэры «Дырэктар тэатру», «Чалавечы голас», паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG