Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Кітаю стварыць у рэспубліцы буйны кітайскі мэдыяхолдынг, які зможа працаваць на эўрапейскую і постсавецкую прастору.

«Спэктар нашых адносінаў вельмі шырокі. Мы былі б зацікаўленыя, каб Кітайская Народная Рэспубліка стварыла тут, у цэнтры Эўропы, магутны кітайскі мэдыяхолдынг, які зможа працаваць на Эўропу і на постсавецкую прастору», — заявіў Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску зь сябрам Сталага камітэту Палітбюро ЦК кампартыі Кітаю Лю Юньшанем.

Лукашэнка таксама адзначыў, што калі праект пачне дзейнічаць, кітайскі мэдыяхолдынг зможа «актыўней працаваць на прасоўваньне нашага супрацоўніцтва, каб у Кітаі больш ведалі пра нашыя сумесныя ініцыятывы».

Бастунец: «Фінансаваць СМІ з-за мяжы не дазваляе закон»

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«У нас ствараюцца свае мэдыяхолдынгі. Зараз ідзе такі працэс вакол афіцыйнай газэты „СБ. Беларусь сегодня“. Гэта робіцца дзеля скарачэньня бюджэтных выдаткаў на падтрымку дзяржаўных СМІ, — кажа юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Што тычыцца кітайскага мэдыяхолдынгу, то тут трэба сказаць, што беларускі Закон аб СМІ не дазваляе фінансаваньня сродкаў масавай інфармацыі з-за мяжы, апроч выпадкаў, калі замежны капітал уваходзіць у статутны фонд гэтага СМІ і складае ня больш за 30 адсоткаў. Таму для стварэньня кітайскага мэдыяхолдынгу трэба альбо пераглядаць заканадаўства аб СМІ, альбо ствараць гэты холдынг так, каб доля кітайцаў не перавышала 30 адсоткаў у статутным фондзе».


Старыкевіч: «Калі сюды зьбіраюцца прыехаць 600 тысяч кітайцаў, то ім патрэбная газэта на кітайскай»

Рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч лічыць прапанову Лукашэнкі дзіўнай:

Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

«Мне цяжка зразумець, навошта кітайцам можа спатрэбіцца мэдыяхолдынг у Беларусі. Магчыма, зробленая калька зь нейкіх сумесных беларуска-расейскіх праектаў, але ніводзін зь іх ня быў пасьпяховым. Трэба ведаць дэталі, каб даць грунтоўную ацэнку, але пакуль гэта выклікае толькі зьдзіўленьне. Цяжка ўявіць сабе „Жэньмінь жыбао“ ў Беларусі. Толькі калі сапраўды сюды зьбіраюцца прыехаць 600 тысяч кітайцаў у індустрыяльны парк пад Смалявічамі, то тады ім, вядома, патрэбная газэта на кітайскай мове».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG