Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Washington Post: «Недарэчная» пазыцыя Пуціна наконт хімічнай зброі ў Сырыі


Пад такім загалоўкам Washington Post, адна зь вядучых амэрыканскіх газэтаў, пракамэнтавала ў рэдакцыйным артыкуле выказваньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, якія паставілі пад сумнеў сьцьвярджэньні аб тым, што рэжым Башара Асада ўжыў хімічную зброю ў Сырыі.

Прапануем вам пераклад гэтага артыкула:

У інтэрвію Associated Press і расейскім тэлеканалам у аўторак расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выказаў сумнеў ў сьцьвярджэньнях ЗША і іншых краін аб тым, што сырыйскія войскі выкарысталі хімічную зброю ў нападзе 21 жніўня, у выніку якога непадалёк ад Дамаску было забіта 1429 чалавек.

«Калі ў кагосьці ёсьць зьвесткі аб тым, што хімічная зброя была ўжытая і менавіта рэгулярнай арміяй, то гэтыя доказы мусяць быць пададзеныя ў Раду Бясьпекі ААН, і яны мусяць быць пераканаўчымі, — сказаў ён. — Яны не павінны грунтавацца на нейкіх чутках або на інфармацыі, атрыманай спэцслужбамі ў выніку нейкага падслухоўваньня, нейкіх размоваў і таму падобнага».

Меркаваньне, што напад учынілі сырыйскія войскі, ён назваў «недарэчным». У іншым інтэрвію ён назваў яго «поўным нонсэнсам». Уладзімір Пуцін застаецца цьвёрдым прыхільнікам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада ў грамадзянскай вайне, аднак гэта не дае яму права ігнараваць факты і рэтушаваць нязручную праўду. Гісторыя хімічнай зброі ў Сырыі сягае каранямі да часоў «халоднай вайны» і дамоваў краіны з Савецкім Саюзам — апекуном сырыйскай арміі. Гэтыя дамовы ўключалі пастаўкі авіябомбаў, якія можна было напаўняць зарынам, і пастаўкі ракетаў Scud, узброеных боегалоўкамі, якія маглі транспартаваць такія рэчывы, як нэрвова-паралітычны газ VX .

Калі Пуцін сумняваецца ў тым, што хімічная зброя было выкарыстаная сырыйскай арміяй, магчыма, яму варта папрасіць сваіх калегаў у ФСБ пакапацца ў сваіх архівах і ў архівах савецкага КДБ, дзе цяперашні расейскі прэзыдэнт таксама працаваў. Магчыма, яму варта паглядзець дасье генэрала Анатоля Кунцэвіча, які ў апошняе дзесяцігодзьдзе «халоднай вайны» кіраваў сакрэтнай лябараторыяй па выпрабаваньні хімічнай зброі .

Генэрал Кунцэвіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна за сваю працу над новым відам бінарнай хімічнай зброі. У пачатку 1992 году, пасьля развалу Савецкага Саюзу, прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын прызначыў яго кіраўніком камісіі па кантролі за дэмілітарызацыяй хімічнай і біялягічнай зброі. Аднак ужо праз два гады ён яго звольніў за «грубае парушэньне службовых абавязкаў». Расейскія чыноўнікі пазьней паведамілі, што ў дачыненьні да генэрала Кунцэвіча вялося расьсьледаваньне адносна яго ролі ў перадачы Сырыі 1700 фунтаў элемэнтаў нэрвова-паралітычнага газу. Яго так і не засудзілі ў Расеі, аднак у лістападзе 1995 году ЗША ўвялі ў дачыненьні да Кунцэвіча санкцыі за «сьвядомую дапамогу» сырыйскай праграме хімічнай зброі. Генэрал памёр у 2002 годзе ў самалёце, вяртаючыся з Сырыі ў Расею.

Пуцін ня можа быць адказным за кожны вайсковы кантракт Савецкага Саюзу або за брудныя зьдзелкі генерала-махляра ў 1990-х гадах. На працягу двух апошніх дзесяцігодзьдзяў Расея супрацоўнічала з ЗША ў пытаньні знішчэньня запасаў хімічнай зброі. Але меркаваньне, што хімічны напад пад Дамаскам учынілі ўрадавыя войскі, не павiнна быць гэтак сьпешна ахарактарызавана расейскім прэзыдэнтам як «недарэчнае». Замест таго, каб кпіць з Захаду, Пуцін павінен забясьпечыць расейскую падтрымку ў расьсьледаваньні гэтага злачынства. У Сырыі пры дапамозе хімічнай зброі было зьдзейсьнена жудаснае злачынства і, улічваючы расейскую гісторыю, Пуцін проста ня можа адвярнуцца ад яго.
XS
SM
MD
LG