Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анішчанка абяцае Беларусі «малочную вайну»


Рашэньне аб забароне ўвозу беларускага малака ў Расею можа быць прынятае ў бліжэйшыя дні, заявіў сёньня кіраўнік «Расспажыўнагляда» Генадзь Анішчанка.

Рашэньне аб забароне паставак беларускай малочнай прадукцыі будзе прынятае пасьля візыту ў Расею беларускіх спэцыялістаў у бліжэйшыя дні. Пра гэта, як паведамляе агенцтва Інтэрфакс, заявіў галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.

«На перамовах зь міністрам аховы здароўя Беларусі мы дамовіліся, што іх спэцыялісты прыедуць у бліжэйшыя дні і абмяркуюць канкрэтныя забракоўкі, якія былі, зьвераць мэтодыкі ацэнкі. Будзем потым вырашаць канчаткова — закрываць ці не», — сказаў Анішчанка.

28 жніўня Анішчанка заявіў, што санітарная службе незадаволеная якасьцю беларускай малочнай прадукцыі, якая прадаецца ў Расеі: «Толькі ў Маскоўскай вобласьці было абсьледавана 240 узораў беларускай малочнай прадукцыі. Зь іх 72 узоры, або 30%, не адпавядалі паводле паказчыкаў якасьці і бясьпекі. Вымушаны канстатаваць, што ў рэгіёнах, якія зьяўляюцца асноўнымі спажыўцамі беларускай прадукцыі, перш за ўсё малочнай, за апошні час мы рэгістравалі факты продажу прадукцыі, якая не адпавядае артыкулу 36 Тэхнічнага рэглямэнту на малако і малочную прадукцыю», — сказаў тады Анішчанка.

«У прыватнасьці, ёсьць пытаньні да тварагу крупчастага і сьметанковага масла вытворцаў „Савушкін прадукт“ і „ГМЗ № 1“ Менску і іншых беларускіх прадпрыемстваў, узятых на дасьледаваньне ў расійскіх гандлёвых сетках», — паведаміў кіраўнік Расспажыўнагляду.

У 2009 годзе Расея ўвяла забарону амаль на ўсю беларускую малочную прадукцыю. Прычына — невыкананьне беларускімі вытворцамі новага расейскага тэхнічнага рэглямэнту на малако. Пазьней забарону зьнялі.

Праблемы зь якасьцю беларускага малака абвастрыліся празь некалькі дзён пасьля арышту ў Беларусі кіраўніка расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра.
XS
SM
MD
LG