Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс палоннай беларускі ў Сырыі дагэтуль невядомы


На фоне апошніх падзеяў у Сырыі і абмеркаваньня магчымасьці ваеннага ўмяшаньня ў тамтэйшыя падзеі з боку ЗША невядомым застаецца лёс беларускі Сьвятланы Маркіяновіч.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што пытаньне з вызваленьнем Сьвятланы Маркіяновіч яшчэ ня вырашанае і да яго вырашэньня МЗС камэнтароў даваць ня будзе.

Зінаіда Міхайлаўна, бабуля Сьвятланы Маркіяновіч, разам зь якой Сьвятлана жыла ў Жодзіне, кажа, што пра лёс сваёй унучкі нічога ня ведае.

Амбасада Беларусі ў Сырыі паведаміла, што цяпер у краіне знаходзяцца каля 90 беларускіх грамадзянаў, зь якімі падтрымліваецца сувязь. За апошнія два гады амбасада дапамагла эвакуаваць з краіны каля 200 беларусаў.

Беларуска Сьвятлана Маркіяновіч і малдаванка Карына Кольцы зьявіліся ў відэароліку, які, верагодна, быў зьняты адным з атрадаў паўстанцкай Сырыйскай свабоднай арміі. Ролік разьмясьціў 9 жніўня карыстальнік Shaker Motlak на канале Youtube пад назвай «Расейская сям’я прызнаецца ў працы на „Хізбулу“».

У прысутнасьці мужчын у масках і з аўтаматамі дзяўчыны кажуць, што прыбылі ў Сірыю пад выглядам журналістак і працуюць на ваенізаваную ісламскую групоўку «Хізбула», якая ваюе на баку ўрадавых войскаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 15 жніўня пацьвердзіла беларускае грамадзянства Сьвятланы Маркіяновіч. А яшчэ празь некалькі дзён беларускія праваахоўныя органы заявілі, што беларуска ня раз выяжджала ў Лібан, каб працаваць там танцоўшчыцай у начных клюбах. «Пра гэтую жанчыну вядома, што яна была пазбаўленая бацькоўскіх правоў за неадпаведны догляд за сынам. Цяпер яе дзіця, 2007 году нараджэньня, усыноўлена прыёмнымі бацькамі. Маральнае аблічча гэтай жанчыны, якое нам вядома, таксама пакідае жадаць лепшага», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік начальніка ўправы наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Сяргей Колтун.

Радыё Свабода зьвязалася з мэнэджэркай клюбу, які знаходзіцца ў лібанскім горадзе Джуні. Менавіта туды, як сьцьвярджаюць сваякі палоннай малдаванкі, накіравалася на працу Карына Кольцы. Дзяўчына, якая назвалася Натальляй, паведаміла, што дзяўчат відавочна скралі ў Сырыі. «Немагчыма, каб дзяўчаты былі ў Лібане і іх пераслалі ў Сырыю. Калі грамадзянка Малдовы, напрыклад, зьбіраецца пасьля кантракту зьехаць зь Лібану, то яна можа паехаць толькі ў сваю краіну. Мне шкада, што так здарылася зь дзяўчатамі, але, найхутчэй, яны самі вінаватыя».

Украінская журналістка Анхар Кочнева, якая жыве ў Сырыі і сама пабывала ў сырыйскім палоне, лічыць, што дзяўчат скралі «для забавы». Падобны выпадак здарыўся ўвесну з чатырма іншымі дзяўчатамі. Пазьней тых проста адпусьцілі. А сама Анхар з палону ўцякла.

Манар Рахвані, сырыйскі журналіст і палітычны аглядальнік, які на просьбу Радыё Свабода прагледзеў відэаролік, лічыць вельмі дзіўным, што выкрадальнікі дагэтуль ня выставілі ніякіх патрабаваньняў:

«Яны мусілі б прасіць грошай ці вызваленьня зьняволеных. Зьвярніце ўвагу, што жанчыны згадваюць імя Мухамэда Язьбэка з партыі „Хізбула“. Гэта адна з найвышэйшых фігураў у партыі, фактычна ён прадстаўляе лідэра Ірану Алі Хамэйні ў Лібане. Таму абсалютна немагчыма, каб гэтыя жанчыны ўвогуле хоць калі зь ім сустракаліся.

Што найбольш важна: „Хізбула“ ня мае патрэбы ў замежніках, тым больш жанчынах, каб шпіёніць за Сырыйскім вызваленчым войскам».

Рахмані ўпэўнены, што відэа зроблена дылетантамі з мэтай дыскрэдытаваць «Хізбулу» ды Іран ці здабыць грошы. Ён кажа, што пры цяперашняй сытуацыі ў Сірыі выкраданьне людзей, на жаль, — распаўсюджаны «бізнэс».

Ніякіх новых падрабязнасьцяў пра жыцьцё абедзьвюх палонных жанчын здабыць не ўдалося. У сеціве знайшоўся толькі відэаролік гадовай даўніны, у якім малдаванка прызнаецца ў каханьні да 18-гадовага румынскага хлопца. Усе спробы скантактавацца зь ім былі марнымі.

XS
SM
MD
LG