Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі «Коммерсантъ» піша пра «мяккую беларусізацыю» ў Беларусі


Выснову газэты аб «мяккай беларусізацыі», якую нібыта праводзяць беларускія ўлады, на думку Глеба Лабадзенкі, мог прыдумаць толькі сьляпы чалавек.

Буйная расейская дзелавая газэта «Коммерсантъ» сёньня напісала пра штраф начальніцы менскага ЖЭС-48 за афіцыйны адказ літаратару Глебу Лабадзенку на расейскай мове на ягоны беларускамоўны зварот.

Артыкул называецца «Ўлады Беларусі ўпершыню вынесьлі прысуд за выкарыстаньне расейскай мовы». У ім апавядаецца гісторыя, пра якую днямі пісала «Свабода» ў артыкуле «Лабадзенка выйграў суд за мову».

Глеб Лабадзенка абскардзіў парушэньне закону аб зваротах грамадзян, якое выявілася ў тым, што супрацоўнік менскага ЖЭС-48 на ягоны беларускамоўны зварот адказаў па-расейску. Днямі адбыўся суд, судзьдзя вызначыла, што парушаны п. 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь і прысудзіла штраф дырэктару ЖЭСу ў памеры 5 базавых велічыняў, 500 тысяч рублёў.

Газэта «Коммерсантъ» з гэтай гісторыі зрабіла выснову:

«Улады Беларусі праводзяць палітыку „мяккай беларусізацыі“, якая прадугледжвае скарачэньне выкарыстаньня расейскай мовы, хаця ў Канстытуцыі краіны замацаваны роўны статус расейскай і беларускай моў у якасьці дзяржаўных».

Глеб Лабадзенка з гэтай нагоды зазначыў «Свабодзе», што ён зьдзіўлены тым, як гэтую сытуацыю падаюць расейскія сайты:

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

«Яны падаюць яе з імпэрскай пазыцыі, маўляў, як гэта так, што ў Беларусі, якая зноў стала ледзьве не Паўночна-Заходнім краем, узьняла галаву беларуская мова. Заўважце, што ў нас пісалі пра пакараньне за адмову выкарыстаньня беларускай мовы, а „Коммерсантъ“ перакуліў усё з ног на галаву, што нібыта вынесьлі прысуд за выкарыстаньне расейскай мовы. Я нават баюся, каб у суд не патэлефанавалі і не завярнулі справу назад. Сёньня я іду, дарэчы па рашэньне, але трэба яшчэ пачакаць 10 дзён з моманту выраку, каб ён ўступіў у законную сілу».

Што да высновы маскоўскай газэты аб «мяккай беларусізацыі, якую нібыта праводзяць беларускія ўлады», то Глеб Лабадзенка зазначыў:

«Я пасьмяяўся з таго, што толькі чалавек з Масквы пасьля дробнай навіны можа зрабіць такую глябальную выснову. У судзе да мяне сапраўды прыязна паставіліся, але гэта не гаворыць пра палітыку ўладаў на беларусізацыю. Такую выснову мог зрабіць альбо сьляпы чалавек, альбо той, хто цалкам не разьбіраецца ў сытуацыі ў Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG