Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ і Грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» заклікала сваіх сяброў і прыхільнікаў ахвяраваць сродкі дзеля аплаты сядзібы БНФ, якая месьціцца па адрасе вуліца Чарнышэўскага, дом 3 ў Менску.

Як паведаміла Ўправа БНФ, з 1 красавіка 2013 года кошт арэнды памяшканьня Сядзібы БНФ вырас на 60 працэнтаў і складае цяпер 15 мільёнаў рублёў у месяц, апрача таго патрэбныя сродкі на аплату камунальных паслуг.

Сядзіба БНФ зьяўляецца адным зь нешматлікіх месцаў у Менску, дзе адбываюцца грамадзка-палітычныя, адукацыйныя і культурніцкія імпрэзы, у тым ліку канцэрты забароненых гуртоў, выставы мастакоў, прэзэнтацыі беларускіх кніг і музычных дыскаў, сустрэчы з творцамі, нарады і прэсавыя канфэрэнцыі. У тым ліку тут праводзіліся прэзэнтацыі кніг з сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Розныя імпрэзы тут адбываюцца штодня, новая сядзіба фактычна цалкам аднавіла функцыянальнае значэньне, якое мела легендарная сядзіба БНФ на Варвашэні (Машэрава), 8. Таго памяшканьня БНФ быў пазбаўлены пасьля маштабнай акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і арыштаванымі ўдзельнікамі Плошчы 2010 году.
Управа БНФ зьвярнулася да грамадзкасьці з просьбай ахвяраваць на дзейнасьць ГА БНФ «Адраджэньне» і на арэнду сядзібы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG