Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: Пакуль няма гаворкі пра вызваленьне Баўмгертнэра


Пакуль не ідзе гаворка пра вызваленьне затрыманага ў Менску дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра, хоць 6 верасьня суд у Менску разгледзіць хадайніцтва адвакатаў пра зьмену яму меры стрыманьня.

«На дадзеным этапе пытаньне аб вызваленьні пад заклад не ставіцца», — сказаў РІА «Новости» адзін з адвакатаў.

Ён патлумачыў, што паводле беларускага заканадаўства вызваліць пад заклад чалавека могуць толькі ў выпадку сплаты шкоды, нанесенай злачынствам.

«Гэта азначала б аўтаматычнае прызнаньне віны», — сказаў абаронца.

Ён дадаў, што абарона Баўмгертнэра падчас разгляду хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня гатовая ўзычыць суду ўсе наяўныя матэрыялы, у тым ліку даручніцтвы.

Гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр утрымліваецца ў СІЗА КДБ у Менску. Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачаньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.

Баўмгертнэра затрымалі 26 жніўня пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам.

Шэраг асобаў з кіраўніцтва кампаніі абвешчаны ў міжнародны вышук, у тым ліку адзін з акцыянэраў «Уралкалія» і сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў.

«Уралкалій» абвяргае заявы пра неправамерныя дзеяньні з боку Баўмгертнэра або мэнэджмэнту кампаніі.
XS
SM
MD
LG