Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як складаецца жыцьцё былых палітвязьняў.

Фірма Дзьмітрыя Вуса перажывае цяжкія часы, а сам ён стварае партыю працы.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус, які адбыў за кратамі амаль год і быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, шчыра прызнаў: ягоны бізнэс зазнае цяжкія часы, штат фірмы значна скарочаны. «Мы друкавалі мапы, а зараз гэтай справай займацца нельга. На фірму наклалі велізарныя спагнаньні — больш за 900 мільёнаў рублёў. Суд нас не падтрымаў, хаця я лічу, нашай віны ніякай не было. Давялося плаціць, і зараз мы амаль не працуем».

Але, нягледзячы на такія сур’ёзныя праблемы, Дзьмітрый Вус не кідае сваёй грамадзкай актыўнасьці і разам з аднадумцамі стварае партыю. «Пакуль спыніліся на назьве „Партыя працы“. Ведаю, што даўно нікога не рэгіструюць, але ж такая сытуацыя мусіць закончыцца. Спадзяюся, у гэтым годзе гэта закончыцца. Бо ён ужо ўсіх „дастаў“: і расейцаў, і Эўропу. Хаця яму там лабіруюць алігархі і эўрапейскія палітыкі, і расейскія таксама лабіруюць. Але, мяркуючы па ўсім, ён ужо „дастаў“ такую колькасьць людзей, што лабісты не даюць рады з заданьнем па лабіраваньні, якое яны атрымалі. Таму, мяркую, будуць усё ж перамены, зьвязаныя з палітычнай і эканамічнай сфэрамі жыцьця Беларусі, і гэта будуць зьмены кардынальныя».

Гэтай восеньню Дзьмітрый Вус адправіў у 11 клясу старэйшага сына і ў ясьлі малодшага. «Гэта самыя істотныя дасягненьні», — падсумоўвае ён.

Мікіта Ліхавід

Мікіта Ліхавід

Былы студэнт Менскага інстытуту кіраваньня Мікіта Ліхавід за Плошчу быў пакараны 3,5 гадамі зьняволеньня. Лукашэнка памілаваў Мікіту восеньню 2011 году, хаця той і не пісаў прашэньня аб памілаваньні.

«Вырашыў аднавіцца на вучобе. Тры гады з шасьці я адвучыўся на юрыста, зараз паспрабую працягваць вучыцца на завочным», — паведаміў пра сябе былы палітвязень, цяпер актывіст праваабарончай установы «Плятформа» Мікіта Ліхавід.

«Адукацыя ніколі лішняй ня будзе. Гэта калі мне было 18 гадоў, я думаў, што вышэйшая адукацыя не патрэбная, і паступіў у інстытут дзеля маці, каб яна мяне ня „тузала“. А чым далей, тым больш разумею, што гэта трэба. Нават я з радасьцю паступіў бы яшчэ куды, прыкладам, на эканаміста».

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Працягнуць сваё навучаньне вырашыў і былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, зь якім Мікіта Ліхавід сядзеў у адной калёніі, ў Новаполацку. Андрэй Саньнікаў будзе вучыцца ў Варшаве па праграме Каліноўскага. З дапамогай гэтай праграмы навучаньнем заняліся таксама ўцекачы — былыя палітвязьні Зьміцер Бандарэнка і Алесь Атрошчанкаў. Навучаўся за мяжой і былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч.

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Мінуў тыдзень, як на волю з гарадзенскай турмы выйшаў былы старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. «Былы» — таму што Зьміцер ужо паведаміў мэдыям, што сыходзіць з арганізацыі, каб даць магчымасьць кіраваць маладым аднадумцам. Пры гэтым сваёй грамадзкай актыўнасьці Зьміцер не спыняе, але яшчэ вызначаецца, у чым яна будзе выяўляцца.

«Тыдзень на волі адзначыў. Справы мае ідуць добра. Трошкі гэтую мітусьню разграбаю: рэгістрацыя ў міліцыі, біржа, мэдкамісія. Таму крыху заняты, але ўсё добра».

Мінулай суботай Зьміцер і ягоная жонка Наста павянчаліся ў пратэстанцкай царкве. Пакуль жыць маладыя будуць на кватэры сваякоў у Менску. Зьміцер мае намер стаць на ўлік на біржы беспрацоўных і атрымаць працу — паводле адукацыі ён настаўнік расейскай мовы і літаратуры.

Уладзь Яроменак

Уладзь Яроменак

Сярод былых палітвязьняў ёсьць і той, хто ў хуткім часе можа зноў трапіць у вязьніцу. Гэта актывіст «Маладога фронту» Уладзь Яроменак, якога нядаўна Першамайскі суд Менску прызнаў вінаватым у парушэньні правілаў прафіляктычнага нагляду і прысудзіў да 3 месяцаў знаходжаньня ў арыштным доме. Уладзь Яроменак падаў у гарадзкі суд скаргу на гэтае судовае рашэньне. На тое, што яно будзе адмененае, асабліва не разьлічвае, але і ў паніцы не знаходзіцца:

«А што тут рыхтавацца? Чакаю, калі прызначаць дзень разгляду скаргі і самога разгляду. Тады ўжо будзе зразумела, ці варта зьбіраць рэчы. А пакуль жыву ранейшым жыцьцём і стараюся ня думаць, што ў хуткім часе магу паехаць у турму».

Улетку Ўладзь Яроменак ажаніўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG