Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сына лекара Шылько завялі справу


Касюцковіцкі шпіталь

Касюцковіцкі шпіталь

На сына былога галоўнага лекара Касьцюковіцкага раённага шпіталя Леаніда Шылько Юрыя завялі крымінальную справу за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць зь невядомымі асобамі.

Пра гэта паведаміла карэспандэнту Свабоды маці Юрыя Ала Шылько:

«Проста ідзе зьнішчэньне сям’і. Маці маю „склалі“, яна пасьля апэрацыі ў цяжкім стане. Гэта ж такое трапаньне нэрваў, такія зьдзекі. Цяпер сына вінавацяць, што ён нібыта купляў мэтал у Расеі ці ў некага ў Беларусі за паўцаны, а потым прывозіў на завод, які аплачваў па поўнай цане. Я 39 гадоў адпрацавала лекарам і хачу перад усёй Эўропай і Беларусьсю сказаць, што мой сын ніколі ніякі мэтал ні ў Расеі, ні ў Беларусі не купляў, не афармляў і не прывозіў на завод. Мой сын да гэтага ня мае дачыненьня. Гэта проста ідзе „бязьмежжа“, і я ня ведаю, калі гэта ўсё скончыцца».

Яна паведаміла, што сын паўтара года таму звольніўся зь Віцебскага тэлезаводу з прычыны нізкіх заробкаў.

19 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі Юрыя Шылько на тры дні. Як распавяла маці, яго амаль 9 гадзін везьлі зь Віцебску ў Касьцюковічы.

Леанід Шылько цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе. У сьнежні мінулага году яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Вінавацілі ў раскраданьні дзяржаўных сродкаў.
Гэта проста ідзе „бязьмежжа“, і я ня ведаю, калі гэта ўсё скончыцца

Сваякі мяркуюць, што абвінавачаньне супраць Леаніда Шылько сфабрыкаванае: яны ня могуць зразумець, чаму крымінальную справу «фінансавага» зьместу ініцыяваў Камітэт дзяржбясьпекі. Падчас адной з праверак КДБ у Леаніда Шылько здарыўся інсульт, але на загад сьледчых яго, напалову паралізаванага, забралі ў турму проста са шпітальнай палаты.

Леанід Шылько і ягоная жонка Ала Георгіеўна дзясяткі гадоў працавалі ў мэдыцыне. На Магілёўшчыну спадар Шылько пераехаў зь Віцебску. Яго не задавальняў стыль кіраваньня тагачаснага кіраўніка абласной управы аховы здароўя. І хоць той чыноўнік ужо пакінуў сваю пасаду, вяртацца Леанід Шылько не зьбіраўся. Бо асабіста падбіраў калектыў лекараў, якія рабілі складаныя апэрацыі, дамогся таго, каб на базе Касьцюковіцкага шпіталя адчынілі аддзяленьне гемадыялізу.

Паколькі сам Леанід Шылько быў прыежджы, яму далі службовую кватэру. З казённай мэбляй, пазначанай інвэнтарнымі нумарамі. 12 лістапада супрацоўнікі КДБ зьявіліся да Леаніда Шылько зь ператрусам — маўляў, мэбля скрадзеная. Мэблю апісалі і канфіскавалі, хоць усе нумары супалі з вопісам перададзенай маёмасьці, а потым апячаталі і саму кватэру, бо спадар Шылько трапіў у шпіталь з інсультам.

Тым часам распачаліся праверкі ў самім шпіталі. Калегі Леаніда Шылько толькі дзівіліся: чаму фінансавую дзейнасьць установы правярае не Дзяржкантроль і не аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, а КДБ? Калі ўрэшце Шылько зьвінавацілі ў тым, што шпіталь купляў дэталі для аўтамашын, якіх не было на балянсе ўстановы, родныя канчаткова вырашылі, што тут «справа нячыстая». Жонка арыштаванага называе ўсё гэта «замовай».
XS
SM
MD
LG