Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія ўлады маглі завесьці крымінальную справу супраць Керымава і абвясьціць яго ў міжнародны вышук адначасова з арыштам Баўмгертнэра. То бок стрэліць дуплетам. Аднак не зрабілі гэтага. Чаму?

Па-першае, хацелі мець козыр у запасе. Па-другое, трэба было паглядзець на рэакцыю Расеі. Такі своеасаблівы зандаж. Гэта ў стылі Лукашэнкі: зрабіць крок і сачыць за тым, які будзе рэзананс. І толькі пабачыўшы, што вялікай рызыкі няма, рабіць наступны ход. У гэтым сэнсе ён вялікі дазіроўшчык.

На агульную думку экспэртаў, рэакцыя Расея была слабая. Пуцін яўна пазьбягае абвастрэньня, ня хоча пакуль што пэрсанальна ўмешвацца ў канфлікт зь некалькіх прычын, якія добра апісаныя і патлумачаныя.

Што павінен быў бы рабіць афіцыйны Менск у такой сытуацыі? Самым лягічным і чаканым варыянтам было б не рабіць нічога, а проста чакаць, што распачне Расея дзеля вызваленьня Баўмгертнэра. Маўляў, з аднаго боку – пранесла, моцнага ўдару ў адказ ня здарылася. А зь іншага боку, помста "Ўралкалію" адбылася, сатысфакцыя атрыманая, можна мець маральнае задавальненьне. Цяпер мяч на расейскім баку. Можна спусьціць справу на тармазах і паглядзець, што Масква (ці "Ўралкалій") прапануе як выкуп за закладніка.

Але не. Не такі Лукашэнка гулец, каб задаволіцца атрыманым мэдыйна-палітычным эфэктам. Беларускі бок, зрабіўшы ход Керымавым, пайшоў на абвастрэньне, на эскаляцыю і правакацыю. Гэта зноў жа ў стылі беларускага кіраўніка. Калі праціўнік праяўляе слабасьць, ухіляецца ад лабавога сутыкненьня, то трэба яго даціснуць, размазаць па сьценцы.

Завёўшы крымінальную справу супраць Керымава і абвясьціўшы яго ў міжнародны вышук, Лукашэнка ўцягвае Пуціна ў калійную вайну безь ягонай волі. Бо адна справа – топ-мэнэджэр, гендырэктар "Уралкалія" Баўмгертнэр. І іншая справа – Сулейман Керымаў. Ён ня толькі алігарх, але і чалец Савету Фэдэрацыі РФ – верхняй палаты расейскага парлямэнту. То бок практычна адзін з вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Расеі. І як бы Пуцін пэрсанальна ні ставіўся да Керымава, абараняць вышэйшых дзяржаўных службоўцаў РФ – функцыянальны абавязак прэзыдэнта. Гаворка ідзе пра імідж краіны, якая прэтэндуе на статус вялікай.

Калі і цяпер адказ Масквы будзе млявы, то ня выключана, што празь нейкі час Менск зробіць новы зьневажальны жэст. Чаму б яшчэ не патузаць тыгра за хвост, калі той ня можа прачнуцца? Лукашэнка ставіць Пуціна перад непрыемным выбарам з двух зол.

Датай прамежкавага дэдлайну разьвязаньня канфлікту стануць сумесныя беларуска-расейскія вучэньні "Захад-2013", якія адбудуцца на тэрыторыі Беларусі 20–26 верасьня. Звычайна на іх прыяжджае галоўнакамандуючы Ўзброенымі Сіламі Расеі, то бок прэзыдэнт. Мінулым разам прыяжджаў прэзыдэнт Мядзьведзеў, і, калі памятаеце, падараваў Колю Лукашэнку залаты пісталет.

І тут узьнікае далікатная сытуацыя. Калі Баўмгертнэр ня будзе да таго часу вызвалены, а Пуцін прыедзе на вучэньні як ні ў чым не бывала, то гэта будзе дэманстратыўным прыніжэньнем прэзыдэнта Расеі.

Хутчэй за ўсё, у такім выпадку Пуцін не прыедзе ўвогуле. Маўляў, шмат іншых спраў. Гэта будзе хоць і ня самы моцны дыпляматычны жэст, але ж і не прыніжальная сытуацыя

А для Лукашэнкі, наадварот, прынцыпова важна выцягнуць Пуціна ў Беларусь якраз у такі момант. Тады ён атрымае маральную перамогу, поўнасьцю кампэнсуе ўсе свае псыхалягічныя траўмы, атрыманыя ад дзеяньняў "Уралкалія". А пасьля гэтага можна будзе і адпусьціць небараку Баўмгертнэра. Маўляў, сам прэзыдэнт Расеі прыехаў асабіста прасіць за яго, таму, так і быць, ужо зробім ласку гэтым надакучлівым расейскім хадакам, вызвалім.

Таму мала каму цікавыя вайсковыя вучэньні ствараюць палітычную інтрыгу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG