Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джудзі Шэлтан аб Мытным саюзе: няўжо вы хочаце быць у ролі Беларусі?


Джудзі Шэлтан

Джудзі Шэлтан

Пасьля некалькіх месяцаў ваганьняў Армэнія заявіла, што ўвойдзе ў Мытны саюз на чале з Расеяй. Украіна, наадварот, поўная рашучасьці ўжо ўвосень падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам.

Іншыя краіны рэгіёну сутыкаюцца з аналягічнай дылемай, улічваючы, што сяброўства ў абодвух клюбах несумяшчальнае.

Пра тое, чаму і наколькі пасьпяхова Расея стварае сваю ўласную эканамічную зону мы гаворым з Джудзі Шэлтан, намесьніцай Рады дырэктараў амэрыканскага Нацыянальнага фонду дэмакратыі.

Радыё Свабода: Расея ў 2010-м годзе стварыла мытны саюз з Казахстанам і Беларусьсю і цяпер імкнецца стварыць яго пашыраную вэрсію, якая будзе ўключаць большую частку краін былога Савецкага Саюзу. Як бы вы ацанілі эканамічныя амбіцыі Расеі?

Джудзі Шэлтан: Масква адназначна хоча аднавіць ня толькі эканамічнае, але і палітычнае панаваньне ў рэгіёне, які раней знаходзіўся пад яе кантролем. Праблема Расеі цяпер, аднак, у тым, што ў часе, калі яна хоча ў новай форме ўваскрэсіць стары Саюз, эканамічны прагноз самой Расеі ня вельмі натхняе. Эканоміка Расеі занадта абапіраецца на сыравіну, на нафту, велізарнай праблемай зьяўляецца карупцыя. Мы бачым, якія неадэкватныя магчымасці прадстаўляюцца ў краіне вельмі багатым алігархам за кошт простых грамадзян.

Рост вытворчасьці ў прамысловасьці Расеі ў другім квартале складае ўсяго 1,2 працэнта, пры тым што гадавая інфляцыя набліжаецца да 6. Такім чынам, любая краіна, якая разглядае пытаньне аб далучэньні, павінна задацца пытаньнем, чаму яна хацела б зрабіць крок назад з пункту гледжаньня індывідуальнай свабоды.

Радыё Свабода: Масква сьцьвярджае, што больш цесная інтэграцыя мае сэнс таму, што Расея зьяўляецца найбуйнейшым пакупніком тавараў постсавецкіх краін і, адначасова, найбуйнейшым пастаўшчыком туды энэрганосьбітаў. Ці важкі гэта аргумэнт?

Шэлтан: Не зусім так. Рухавікі эканамічнага росту мяняюцца па меры таго як краіны мадэрнізуюцца і разьвівацца. Я хачу адзначыць, што цяпер Украіна, напрыклад, экспартуе тавараў у Расію на суму каля 12,3 мільярдаў эўра. Але ў Эўразьвяз яны экспартуюць больш – да 12,9 мільярдаў. Гэта леташнія паказчыкі. А што да паставак расейскай энэргіі, свайго роду натуральнага альянсу, то на самай справе ён ня быў шчасьлівым вопытам для гэтых краін.

​Расея кажа суседнім краінам: паглядзіце, быць побач з намі дае вам перавагі мытнага саюзу, а Украіна, якая яшчэ ня ў ім, ідзе шляхам самагубства. Давайце паглядзім, як такая лёгіка працуе, напрыклад, у дачыненьнях зь Беларусьсю. На мінулым тыдні Расея абвясьціла пра 25-працэнтнае зьмяншэньне паставак нафты ў Беларусь на працягу гэтага месяца, а, магчыма, і надалей. Яны ўводзяць абмежаваньні на беларускія малочныя прадукты, яны забаранілі ўвоз беларускай сьвініны. Краіны, якія далучацца да мытнага саюзу з Расеяй у якасьці партнэра, павінны падумаць, ці сапраўды яны хочуць быць у ролі Беларусі, дзе Расея разьлічвае на палову свайго імпарту і 40 адсоткаў беларускага экспарту.

Радыё Свабода: Кіеў заявіў , што гатовы ісьці ў абодвух напрамках - рухацца ў бок ЭЗ і далучыцца да Мытнага саюзу. Але спачатку Брусэль, а затым Масква далі зразумець, што гэта не варыянт. Не маглі б вы растлумачыць, чаму і Брусэль, і Масква тут заадно?

Шэлтан: З пункту гледжаньня Эўразьвязу кожная краіна, якая будзе мець зь ім пагадненьне аб асацыяцыі або гандлі, павінна праводзіць супольную зьнешнегандлёвую палітыку Эўразьвязу. А калі Украіна ўступіць у Мытны саюз, яна будзе ў рамках яго зьнешнегандлёвай палітыкі, дзе выразна дамінуе Расея. І з пункту гледжаньня Масквы па гэтай жа прычыне Ўкраіна ня можа мець абедзьве выгады: імпартаваць тавары з краін Эўразьвязу без тарыфаў, а затым таньней іх перапрадаваць краінам Мытнага саюзу, падрываючы айчынную вытворчасьць ў гэтых краінах. Але калі вы адзін з тых патэнцыйных сябраў Мытнага саюза, то вы павінны сказаць, а што дрэннага ў тым, каб магчы купіць эўрапейскія прадукты таньней і без тарыфаў ? На самой справе вы не дапамагаеце айчыннай эканоміцы гэтых краінаў паляпшацца, калі прымушаеце людзей купляць свае тавары даражэй.
XS
SM
MD
LG