Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька, Янукевіч і Мельянцоў пра далучэньне Армэніі да Мытнага зьвязу


Мытны зьвяз. Ілюстрацыйны малюнак

Мытны зьвяз. Ілюстрацыйны малюнак

Палітыкі Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч, а таксама палітоляг Дзяніс Мельянцоў далі свае ацэнкі жаданьню Армэніі далучыцца да Мытнага зьвязу. 3 верасьня прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян паведаміў аб намеры Ерэвану далучыцца да Мытнага зьвязу. Ён сказаў пра гэта ў Маскве на сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.


Лябедзька: «Пуцін зьбірае землі вакол Масквы»


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што жаданьне Армэніі далучыцца да Мытнага зьвязу — выключна палітычны крок:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Уладзімер Пуцін вярнуўся ў Крэмль са стратэгіяй зьбіраньня зямель вакол Масквы. Для яго гэта вельмі важны палітычны складнік. Гэта яго амбіцыя, яго пэрспэктыва. Таму ён у гэта ўкладае шмат высілкаў і рэсурсаў. Я думаю, што Армэнія ўзьнікла цяпер не выпадкова, яна ўзьнікла ў сытуацыі, калі ў Масквы ня вельмі добрыя адносіны і з Кіевам, і зь Менскам, і нават з казахскім партнэрам Назарбаевым. Ня вельмі добрыя адносіны менавіта ў пытаньні Мытнага зьвязу. Таму інтэграцыя зараз у гэты працэс Армэніі — гэта палітычны крок. Такім чынам Пуцін падстрахоўваецца ад нейкіх нечаканасьцяў у першую чаргу ад Лукашэнкі ў кантэксьце „калійнага“ канфлікту».


Янукевіч: «У эканоміцы наступстваў ня будзе»


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што з эканамічнага боку наступстваў для Беларусі пасьля далучэньня Армэніі да Мытнага зьвязу ня будзе:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Для эканомікі Беларусі ўваход Армэніі ніякага значэньня мець ня будзе. Безумоўна, гэта справа Армэніі — вырашаць, што для яе выгадна і што адпавядае яе інтарэсам. Аднак, на маю думку, гэтае абвяшчэньне жаданьня Армэніі далучыцца да Мытнага зьвязу зьвязанае з тымі праблемамі, якія Крэмль перажывае сёньня ў стасунках з Кіевам і афіцыйным Менскам. Для таго каб захоўваць твар і бачнасьць таго, што Масква як інтэграцыйны цэнтар усё яшчэ застаецца прывабнаю хоць для кагосьці. Былі пушчаныя ў ход усе магчымыя каналы, каб агучыць такое жаданьне Армэніі менавіта цяпер. Для Беларусі такая заява ня будзе мець ніякага практычнага зьместу, нават калі гэтае далучэньне адбудзецца. Ніякіх выгадаў для нас у гэтым няма».


Мельянцоў: «Пазыцыі Беларусі значна пагоршацца»


Старшы аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў адзначае, што ўваходжаньне новай краіны ў Мытны зьвяз будзе аслабляць перамоўныя магчымасьці беларускага боку:

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Пакуль досыць цяжка аналізаваць, бо быў толькі самы першы факт заявы і зацікаўленасьці армянскага боку ў далучэньні да Мытнага зьвязу. Цяпер яшчэ не зусім зразумела, на якіх умовах яны будуць далучацца. Зразумела, што краіна, калі ўступае ў нейкае аб’яднаньне, вытаргоўвае прэфэрэнцыі і пераходныя пэрыяды, абменьвае нешта на нешта. Гэты пэўны працэс, таму пакуль цяжка сказаць нешта пра эканамічныя наступствы. Калі казаць пра палітычны аспэкт, то гэта, вядома, вялікае дасягненьне расейскай дыпляматыі. На ўсясьветнай арэне для Пуціна было вельмі важна прыцягнуць у Мытны зьвяз ня толькі сваіх традыцыйных партнэраў, такіх, як Беларусь і Казахстан, але і іншыя краіны. Жаданьне Армэніі далучыцца дае падставы Крамлю казаць, што Мытны зьвяз мае прыцягальнасьць.

Калі казаць пра вынікі для Беларусі, то любое далучэньне да Мытнага зьвязу іншых краінаў пагаршае становішча беларускага боку ў гэтым аб’яднаньні. І чым больш там будзе краін, тым горшы будзе стан, таму што зьніжаюцца перамоўныя пазыцыі беларускага боку і важнасьць Беларусі як адной з найважнейшых краінаў у гэтым зьвязе. І, зь іншага боку, чым больш будзе ўваходзіць краінаў, тым спакайней будзе ставіцца Масква да спробаў краінаў-чальцоў дыктаваць ці вытаргоўваць свае ўмовы».
XS
SM
MD
LG