Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскай санітарнай службы па-ранейшаму ёсьць пытаньні да якасьці беларускай малочнай прадукцыі, паведаміў кіраўнік «Расспажыўнагляду», галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка.

«Прэтэнзіі — яны ж не раствараюцца і ня рассмоктваюцца. Яны, вядома, застаюцца», — цытуе Анішчанку «Інтэрфакс».

Паводле яго слоў, у чацьвер у Маскве адбудуцца перамовы з беларускай дэлегацыяй на чале з віцэ-прэм’ерам. Расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч правядзе пасяджэньне расейска-беларускай міжурадавай камісіі.

"Заўтра ў мяне прызначаная сустрэча — прыедзе сюды міністар аховы здароўя Беларусі , таксама на гэтую тэму будзем гаварыць, — сказаў кіраўнік "Расспажыўнагляда".— Заўтра — чарговы цыкл высьвятленьня пазыцый будзе».

28 жніўня Анішчанка заявіў, што санітарная службе незадаволеная якасьцю беларускай малочнай прадукцыі, якая прадаецца ў Расеі:

«Толькі ў Маскоўскай вобласьці было абсьледавана 240 узораў беларускай малочнай прадукцыі. Зь іх 72 узоры, або 30%, не адпавядалі паводле паказчыкаў якасьці і бясьпекі. Вымушаны канстатаваць, што ў рэгіёнах, якія зьяўляюцца асноўнымі спажыўцамі беларускай прадукцыі, перш за ўсё малочнай, за апошні час мы рэгістравалі факты продажу прадукцыі, якая не адпавядае артыкулу 36 Тэхнічнага рэглямэнту на малако і малочную прадукцыю», — сказаў Анішчанка.

«У прыватнасьці, ёсьць пытаньні да тварагу крупчастага і сьметанковага масла вытворцаў „Савушкін прадукт“ і „ГМЗ № 1“ Менску і іншых беларускіх прадпрыемстваў, узятых на дасьледаваньне ў расійскіх гандлёвых сетках», — паведаміў кіраўнік Расспажыўнагляду.

У 2009 годзе Расея ўвяла забарону амаль на ўсю беларускую малочную прадукцыю. Прычына — невыкананьне беларускімі вытворцамі новага расейскага тэхнічнага рэглямэнту на малако. Пазьней забарону зьнялі.

Праблемы зь якасьцю беларускага малака абвастрыліся празь некалькі дзён пасьля арышту ў Беларусі кіраўніка расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG