Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Мы з Украінай — адзін народ


Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін зь міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін зь міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін упэўнены, што «куды б Украіна не ішла, мы ўсё адно калісьці і дзесьці сустрэнемся». Аб гэтым Пуцін сказаў у інтэрвію расейскаму Першаму каналу і агенцтву Associated Press напярэдадні саміту Групы дваццаці ў Санкт-Пецярбурзе.

Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея з павагай паставіцца да рашэньня Ўкраіны заключыць пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразьвязам, але будзе вымушаная прыняць меры па абароне ўласных эканамічных інтарэсаў:

«Ну, паглядзім, якім будзе выбар украінскага кіраўніцтва. Да любога, які б выбар ні быў зроблены, мы паставімся з павагай і, безумоўна, будзем працягваць працаваць. Але пытаньне проста толькі ў тым, як будзем працаваць, што мы павінны будзем распачаць для абароны сваіх уласных інтарэсаў. Ну, відаць будзе», — сказаў Пуцін.

Кіеў разьлічвае падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ у лістападзе. Пуцін адзначыў, што заключэньне Кіевам такога пагадненьня можа прывесьці да выцісканьня ўкраінскіх тавараў як на расейскі рынак, так і на рынак Мытнага саюза:

«Калі абнуляюцца пошліны, зьяўляецца тавар замежнай вытворчасьці на ўкраінскім рынку, а свае ж прадпрыемствы працуюць, куды свой тавар падзець? У нас ёсьць асьцярога, што яны будуць выціскацца на наш рынак, на рынак Мытнага саюза, на рынак Расеі , Казахстана і Беларусі. Але мы так не дамаўляліся, гэта будзе ствараць праблемы для нашай эканомікі», — сказаў Пуцін.

«Вы ведаеце, што б ні адбывалася, і куды б Украіна не ішла, мы ўсё адно калісьці і дзесьці сустрэнемся. Чаму? Таму што мы — адзін народ. І як бы на тое, што я зараз сказаў не злаваліся нацыяналісты з абодвух бакоў, а нацыяналісты ёсьць і ў нас, і на Ўкраіне, на самай справе яно так і ёсьць», — заявіў Пуцін.

Далей у сваім прасторным камэнтары на гістарычную тэматыку Пуцін узгадаў пра «агульныя гістарычнае карані і агульныя лёсы, агульную рэлігію» і іншае. Пуцін адзначыў, што ў гады Першай сусьветнай вайны і наступных рэвалюцыйных падзеях «і белы рух, і чырвоны біліся між сабой на сьмерць, мільёны людзей загінулі падчас грамадзянскай вайны, але ніколі не ўздымалася пытаньне аб адзьдзяленьні Ўкраіны».

«І чырвоныя, і белыя выходзілі з цэласьнасьці Расейскай дзяржавы (імпэрыі)», — сказаў ён.

Афіцыйны Кіеў яшчэ не адрэагаваў на заяву прэзыдэнта Расіі.

Савецкая Расея, падпісваючы Берасьцейскі мір, прызнала незалежнасьць Украінскай народнай рэспублікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG