Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Для апэрацыі ў Сырыі патрэбна санкцыя ААН


Масква можа пагадзіцца на ваенную апэрацыю ў Сырыі з санкцыі ААН, калі віна Дамаска ва ўжываньні хімічнай зброі будзе даказаная, заявіў прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін.

Заява прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуціна прагучала ў інтэрвію шэрагу СМІ.

«Расеі патрэбныя відавочныя доказы віны каго-небудзь ва ўжываньні хімічнай зброі ў Сырыі, пасьля гэтага Масква гатовая дзейнічаць рашуча», — сказаў Пуцін.

Ён адзначыў, што варта дачакацца высноў інспэктараў ААН, паколькі пакуль няма дакладных дадзеных аб тым, хто ужыў хімічную зброю ў Сырыі.

"Ёсьць меркаваньне, што відэаматэрыялы пра забітых дзяцей нібыта ў выніку хіматакі ў Сырыі — гэта кампіляцыя баевікоў, зьвязаных з "Аль-Каідай",— цытуюць Уладзімера Пуціна расейскія інфармагенцтвы.

Напярэдадні ўвечары стала вядома, што камітэт па міжнародных адносінах Сэната ЗША распрацаваў праект рэзалюцыі, якая санкцыянуе правядзеньне ваеннай апэрацыі ў Сырыі. Яна абмяжоўваецца 60 днямі, з магчымасьцю аднаразовага падаўжэньня на трыццаць дзён. У дакумэнце таксама ўтрымліваецца забарона на ўдзел амэрыканскіх вайскоўцаў у наземных апэрацыях у Сырыі.

Мяркуецца, што галасаваньне па гэтай рэзалюцыі ў сэнацкім камітэце адбудзецца ў сераду. На мінулым тыдні Абама прыняў рашэньне аб правядзеньні ваеннай апэрацыі ў Сырыі, абвінаваціўшы ўлады гэтай краіны ва ўжываньні хімічнай зброі, аднак ён заявіў аб тым, што апэрацыя будзе праведзена толькі пасьля адабрэньня яе Кангрэсам.
XS
SM
MD
LG