Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусь прыбываюць расейскія вайскоўцы


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Першы чыгуначны эшалён з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай прыбыў на станцыю Азярышча ў Менску для ўдзелу ў сумесных стратэгічных вучэньнях «Захад-2013».

Расейскае падразьдзяленьне забесьпячэньня сумесна зь беларускімі вайскоўцамі возьме ўдзел у разгортваньні сыстэмы кіраваньня вучэньнямі, паведамляе прэсавая служба беларускага вайсковага ведамства.

Паводле прэс-службы, вучэньне «Захад-2013» зьяўляецца лягічным працягам вучэньняў апошніх гадоў і накіравана, перш за ўсё, «на праверку функцыянаваньня сыстэмы сумеснай абароны саюзнай дзяржавы, яе здольнасьці вырашаць задачы забесьпячэньня нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпекі».

Раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас свайго візыту ў ЗША запрасіў амэрыканскіх вайскоўцаў узяць удзел у беларуска-расейскіх вучэньнях «Захад-2013».

Спадар Шайгу выказаў упэўненасьць, што амэрыканцы абавязкова прыбудуць на манэўры.

Беларускае Мінабароны адмаўлялася камэнтаваць, ці змогуць амэрыканскія вайскоўцы прыехаць падчас вучэньняў і на беларускую тэрыторыю.

Сумесныя расейска-беларускія манэўры «Захад-2013» пройдуць 20–26 верасьня на тэрыторыі Беларусі і Расеі.

З расейскага боку ў іх возьме ўдзел 2500 вайскоўцаў, зь беларускага — 10 400. Будзе задзейнічана 250 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку 60 гелікоптэраў.

Польскае радыё раней выказала боязь, што вучэньні будуць мець правакацыйны характар у адносінах да краін НАТО. Польскія СМІ нагадваюць, што манэўры будуць адбывацца, апрача іншых мясьцін, і ў Берасьці, паблізу польскай мяжы.

Будучыя манэўры ўжо выклікалі неспакой Літвы і Польшчы. Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі раней заяўляў, што ягоная краіна ставіцца да іх вельмі сур’ёзна. Сёлетнія вучэньні ён параўнаў з апошнімі беларуска-расейскімі манэўрамі «Захад-2009». У тыя манэўры быў закладзены правакацыйны адносна Польшчы сцэнар, які прадугледжваў паўстаньне польскай меншасьці ў Беларусі:

«Тады мы ўздымалі гэтае пытаньне ня толькі ў двухбаковых адносінах. Я напісаў зварот да генэральнага сакратара Паўночнаатлянтычнага зьвязу, і НАТО заняло крытычную пазыцыю ў гэтай справе… У такіх справах вельмі важная адкрытасьць, празрыстасьць, каб вайсковыя назіральнікі маглі сачыць за гэтымі вучэньнямі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG