Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнікі Леніну пакрысе прыбіраюць з цэнтральных плошчаў


Помнік Леніну ў Ашмянах у цэнтры плошчы да вясны 2013 году

Помнік Леніну ў Ашмянах у цэнтры плошчы да вясны 2013 году

За пэрыяд незалежнасьці Беларусі колькасьць помнікаў Леніну на Гарадзеншчыне зьменшылася. Праўда, шмат якія зь іх пасьля рэканструкцыі гарадоў вяртаюцца, але ўжо не на ранейшае месца.

У Ашмянах помніка Леніну не было цэлае лета. Увесну, калі распачалі рэканструкцыю плошчы перад райвыканкамам, камунальнікі яго дэмантавалі і помнік знаходзіўся ў адным з камунальных памяшканьняў.

Мясцовы жыхар спадар Браніслаў кажа, што ў сацыяльных сетках многія ашмянцы выказваліся за тое, каб помнік назад не вяртаць. Але ў ідэалягічным аддзеле райвыканкаму патлумачылі, што думкі на гэты конт у жыхароў райцэнтру падзяліліся, і на жаданьне большасьці помнік ізноў вырашылі ўсталяваць.

Загадчыца ідэалягічнага аддзелу Галіна Балінская: «На працягу 10 дзён помнік будзе ізноў усталяваны, праўда, трохі не на тым месцы, але таксама на плошчы. Проста ён раней стаяў па цэнтры плошчы і замінаў, калі там адбываліся розныя мерапрыемствы. Прынялі рашэньне яго перанесьці, але таксама на плошчы. Ужо падрыхтавалі месца, побач з будынкам пракуратуры».
Новы пастамэнт для помніка ў Ашмянах па-за цэнтральнай плошчай

Новы пастамэнт для помніка ў Ашмянах па-за цэнтральнай плошчай


У Слоніме летась дэмантавалі адзін з чатырох помнікаў Леніну, які стаяў паблізу аўтарамонтнага заводу. Там наводзілі парадак, бо частку будынка заводу прадалі прыватнаму прадпрыемству.

Пасьля навядзеньня парадку, паводле мясцовага актывіста Івана Шэгі, помнік наагул зьнік. Шэга распавядае, што з чатырох помнікаў у Слоніме засталіся толькі тры, і толькі адзін зь іх — у цэнтры гораду — падтрымліваецца ў больш-менш прыстойным стане. Шэга лічыць, што празь некаторы час гэтыя помнікі самі адыдуць у нябыт:

«Зараз жа ў нашай краіне культ адной асобы, і, напэўна, ідэолягам неяк цяжка надаваць значнасьць некаму з былых. Таму, можа, і праўда, ня трэба ўзрываць іх і ламаць, яны адыходзяць самі па сабе».
Дэмантаж помніка Леніну ў Слоніме. Фота «Газеты Слонімскай»

Дэмантаж помніка Леніну ў Слоніме. Фота «Газеты Слонімскай»


У Лідзе за час незалежнасьці зь сямі помнікаў Леніну засталіся толькі тры. Прычым два зь іх — на тэрыторыі вайсковага гарадка, а ў цэнтры гораду пры рэканструкцыі помнік хоць і пакінулі, але стаіць ён так, што і не заўважыш. Мясцовы актывіст Станіслаў Суднік кажа, што цяпер ужо вельмі шмат моладзі нават ня ведаюць, хто такі гэты Ленін:

«Калі тады, у 90-я, была небясьпека, што гэты камунізм вернецца, то цяпер людзі пераканаліся, што вяртаньня гэтага камунізму ня будзе, і таму ўсе гэтыя ягоныя рэлікты — дзе можам, пазбаўляемся іх, а дзе ня можам, то і халера зь імі».
Помнік Леніну ў Лідзе, 2010 год

Помнік Леніну ў Лідзе, 2010 год


У 2011 годзе ў Наваградку актывіст БХД Юры Казак абліў фарбай бюст Леніна ў цэнтры гораду. За гэта яму прысудзілі штраф у памеры 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў, што на той час раўнялася амаль тром тысячам даляраў.

Сёньня Казак узгадвае той момант і кажа, што не шкадуе аб сваім учынку:

«Вядома, ён не павінен тут стаяць, таму што гэта забойца нашага беларускага народу».

На Гарадзеншчыне помнікі Леніну ёсьць пакуль ва ўсіх райцэнтрах.
Помнік Леніну ў Наваградку, 2003 год

Помнік Леніну ў Наваградку, 2003 год

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG