Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Чаму амэрыканцы ўмешваюцца ў Сырыю?


Месца бабмбаваньня ўрадавымі войскамі ў Сырыі

Месца бабмбаваньня ўрадавымі войскамі ў Сырыі

ЗША і іх саюзьнікі рыхтуюцца да ўдараў па сілах прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада, каб пакараць яго за меркаванае выкарыстаньне хімічнай зброі супраць мірных жыхароў.

У сувязі з гэтым газэта Washington Post на мінулым тыдні зьмясьціла прасторны камэнтар Макса Фішэра, свайго экспэрта ў пытаньнях замежнай палітыкі, які пастараўся ў форме «асноўных адказаў на асноўныя пытаньні» разабрацца, што насамрэч адбываецца ў Сырыі і якія мэты ставіць сабе Вашынгтон, плянуючы вайсковую апэрацыю супраць сырыйскага рэжыму.

Прапануем нашым чытачам пераклад найбольш цікавых фрагмэнтаў гэтага камэнтара:

Што такое Сырыя?

Сырыя – краіна на Блізкім Усходзе, на ўсходнім узьбярэжжы Міжземнага мора. Яна прыкладна такога ж памеру, як штат Вашынгтон, але з насельніцтвам утрая большым – там жыве 22 мільёны чалавек. Сырыя вельмі разнастайная, этнічна і рэлігійна, але большасьць сырыйцаў – этнічныя арабы, якія залічваюць сябе да суніцкага адгалінаваньня ісламу. Цывілізацыя ў Сырыі налічвае тысячы гадоў, але сёньняшняя краіна – вельмі маладая. Яе межы былі вызначаныя эўрапейскія каляніяльнымі дзяржавамі ў 1920 годзе.

Сырыя сёньня ахопленая надзвычай крывавай грамадзянскай вайной. У баявых дзеяньнях паміж урадавымі сіламі і паўстанцамі загінулі больш за 100 тысяч чалавек; 2 мільёны сырыйцаў, зь якіх палова – дзеці, апынуліся ў бежанстве.

Чаму людзі ў Сырыі забіваюць адзін аднаго?

Забойствы пачаліся ў красавіку 2011 году, калі ўзьняліся мірныя пратэсты, натхнёныя ранейшымі рэвалюцыямі ў Эгіпце і Тунісе, каб кінуць выклік дыктатуры, якая кіруе краінай. Урад адказаў на іх – гэтага трэба выразна адзначыць – як пачвара. Па-першае, сілы бясьпекі пачалі потайкам забіваць актывістаў апазыцыі. Потым пачаліся выкраданьні людзей, гвалтаваньні, катаваньні і забойствы пратэстоўцаў ды іх сямейнікаў, у тым ліку дзяцей, а зьнявечаныя целы ахвяраў сілы бясьпекі выкідалі на ўзбочыны дарог. Потым войска пачало адкрываць агонь па мірных пратэстах. Урэшце цывільнае насельніцтва пачало адстрэльвацца.

Барацьба абвастрылася да стану грамадзянскай вайны. Узброеныя цывільныя асобы арганізаваліся ў паўстанцкія групы. Армія па ўсёй краіне пачала абстрэльваць і бамбаваць цэлыя кварталы і гарады, спрабуючы запалохаць людзей і такім чынам вярнуць папярэдні парадак. Рэжымныя войскі, як мяркуецца, таксама выкарысталі хімічную зброю, а гэта ўжо вельмі сур’ёзная справа, да якой я вярнуся ніжэй. Да паўстанцаў далучыліся добраахвотнікі зь іншых краін – таму, што хацелі свабоды і дэмакратыі для Сырыі або, што больш верагодна, таму што яны ісламісты, якія ненавідзяць сьвецкае кіраўніцтва Сырыі. Быў час, калі паўстанцы пачалі браць верх, але цяпер падобна на тое, што Асад вяртае свае ранейшыя пазыцыі. Усяму гэтаму не відаць канца.

Шмат чуваць пра тое, што Расея ўсё яшчэ любіць Сырыю. Ды Іран таксама. У чым тут іхны інтарэс?

Так, Расея – найважнейшы саюзьнік Сырыі. Масква блякуе ў Радзе Бясьпекі ААН усё, што магло б пашкодзіць рэжыму Асада, і якраз таму Злучаныя Штаты вымушаныя ісьці ў абыход Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, калі хочуць нешта тут зрабіць. Расея пасылае мноства зброі ў Сірыю, што аблягчае Асаду працягваць забойствы мірных жыхароў і напэўна не аблегчыць заданьня зьнешнім сілам, якія захочуць правесьці вайсковае ўмяшаньне.

Чатыры галоўныя прычыны, чаму Расея хоча абараняць Асада, такія (ступень іх важнасьці залежыць ад таго, у каго вы пытаецеся): (1) Расея мае ваенна-марскі аб’ект у Сырыі, які зьяўляецца стратэгічна важным і апошняй ваеннай базай Расеі па-за межамі былога Савецкага Саюзу; (2) у Расеі застаецца яшчэ нешта ад мэнталітэту «халоднай вайны», а таксама нейкая няўпэўненасьць у сваёй нацыянальнай бясьпецы, таму яна так моцна клапоціцца аб захаваньні аднаго з сваіх апошніх вайсковых саюзаў; (3) Маскве не падабаецца ідэя «міжнароднай інтэрвэнцыі» супраць такіх краін, як Сырыя, таму што яна пахне заходнім імпэрыялізмам у стылі «халоднай вайны» і, у канчатковым рахунку, бачыцца як пагроза для Расеі; (4) Сырыя купляе шмат расейскай зброі і вайсковай тэхнікі, а Расея мае патрэбу ў грошах.

Мысьленьне Ірану адносна падтрымкі Асада больш простае. Іран успрымае Ізраіль і Злучаныя Штаты як пагрозу свайму існаваньню і выкарыстоўвае Сырыю, каб абараніць сябе, пастаўляючы зброю праз Сырыю групоўцы «Хэзбала» ў Лібане і групоўцы ХАМАС ў сэктары Газы. Іран адчувае сябе ізаляваным і неабароненым, ён баіцца, што калі Асада адхіляць ад улады, Іран страціць галоўнага саюзьніка і застанецца адрэзаным ад сваіх ваяўнічых памагатых.

Чаму Злучаныя Штаты ня вырашылі сырыйскай праблемы да гэтага часу?

Таму што ня могуць. Няма жыцьцяздольных варыянтаў вырашэньня. На жаль.

Ваенныя варыянты – усе благія. Пастаўкі зброі паўстанцам, нават калі яны дапамогуць скінуць Асада, у канчатковым выніку ўзмоцняць ісламістаў і абвостраць унутраную барацьбу сярод паўстанцаў ды, верагодна, выклічуць хаос і другую грамадзянскую вайну (Злучаныя Штаты зрабілі такую памылку ў пачатку 1990-х гадоў у грамадзянскай вайне ў Аўганістане, якая дапамагла прыйсьці да ўлады талібам у 1996 годзе). Калі неяк вывезьці Асада з Сырыі, дык у краіне адкрыецца небясьпечны вакуўм улады і сытуацыя ня зьменіцца. Паветраныя удары або ўсталяваньне «зоны без палётаў» могуць засмактаць нас у гэты канфлікт на шмат гадоў і, верагодна, ня будуць мець вялікага значэньня для сытуацыі на сушы. Сухапутнае ўварваньне ў ірацкім стылі ў лепшым выніку толькі паскорыць забойствы і будзе каштаваць шмат жыцьцяў вайскоўцаў ЗША ды моцна ўзмоцніць антыамэрыканізм і стане падарункам для ісламістаў і нацыяналістычных дыктатараў, а да таго ж запатрабуе ад Злучаных Штатаў навядзеньня парадку ў краіне, дзе процьма людзей спрабуе пазабіваць адзін аднаго. Не варыянт.

Адзіным палітычным варыянтам, на якім настойвае адміністрацыя Абамы, было б перамір’е паміж рэжымам Асада і паўстанцамі. Але няма ніякіх прыкметаў таго, што які-небудзь з бакоў зацікаўлены ў гэтым, ні нават таго, што існуе нейкі аб’яднаны паўстанцкі рух, зь якім можна весьці перамовы.

Магчыма, што быў момант, калі на раньняй стадыі канфлікту можна было рызыкнуць пачаць вайсковае ўмяшаньне ў лібійскім стылі. Але пра гэта мы ніколі нічога ня ўведаем.

Дык чаму ж Абама хоча правесьці ўдары, якія насамрэч нічога ня вырашаць?

Так, ваша пытаньне датычыць ня надта тонкіх намёкаў з боку адміністрацыі Абамы, што яна хоча запусьціць крылатыя ракеты ў Сырыю, каб пакараць яе за тое, што Абаму бачыцца як выкарыстаньне Асадам хімічнай зброі супраць мірных жыхароў.

Гэта праўда, у прынцыпе ніхто ня верыць, што такія ўдары змогуць павярнуць хаду сырыйскай вайны. Але важна тое, што ніхто тут ня ставіць такой мэты. Удары прызначаныя ня дзеля таго, каб павярнуць ход вайны або скінуць Асада (Абама разумее, што ў любым з гэтых варыянтаў будзе толькі горш). Яны прызначаныя, каб пакараць Асада за меркаванае выкарыстаньне хімічнай зброі і не дапусьціць ні яго, ні любога будучага камандзіра ў любой будучай вайне выкарыстаць яе зноў.

Слухайце, што гэта за праблема з той хімічнай зброяй? Асад забівае 100 тысяч людзей кулямі і бомбамі, а мы хвалюемся за адну тысячу, якая, магчыма, памерла ад атрутных газаў? Гэта ж несур’ёзна.

Вы не адзіны, хто так лічыць. Але тут зьявілася рэдкая магчымасьць для Злучаных Штатаў, па меншай меры ў тэорыі, каб зрабіць вайну крыху менш страшнай – і ўсе будучыя войны зрабіць менш страшнымі.

Войны будуць адбывацца. Такая праўда. Але прычына таго, што сьвет у 1925 годзе Жэнэўскай канвэнцыяй забараніў ужываньне хімічнай зброі, палягае ў тым, што гэтая зброя надзвычай прыдатная для забіваньня цывільных асобаў, але насамрэч ня вельмі прыдатная для звычайных мэтаў вайны, гэта значыць, для перамогі над другім бокам. Можна сказаць, што хімічная зброя – гэта на 30% баявая зброя і на 70% інструмэнт тэрору. У сьвеце без забароны выкарыстаньня хімічнай зброі вайскоўцы могуць ужыць газ зарын, каб выкарыстаць згаданыя 30% яго баявога патэнцыялу, нават калі гэта прывядзе да ненаўмысных і масавых пакут сярод цывільнага насельніцтва, у тым ліку і свайго ўласнага. Ну і калі вайскоўцы пачынаюць думаць, што іхны праціўнік можа выкарыстаць хімічную зброю, у іх зьяўляецца моцны стымул, каб выкарыстоўваць яе самім. Бо ж яны змагаюцца не на жыцьцё, а на сьмерць.

Так што абодвум бакам любога канфлікту, не кажучы ўжо пра цывільныя асобы ва ўсім сьвеце, будзе лепш, калі ні адзін зь іх не выкарыстае хімічную зброю. Але для гэтага неабходна быць упэўненым, што ваш праціўнік ніколі ня будзе выкарыстоўваць яе, нягледзячы ні на якія абставіны. І адзіны спосаб дасягнуць гэтай мэты – калі не лічыць выдаленьня такіх людзей з плянэты – заключаецца ў тым, каб усе проста пагадзіліся загадзя ніколі не выкарыстоўваць яе і гэтага прытрымліваліся. Дасягнуць гэтай мэты будзе цяжэй, калі Асаду парушэньне забароны выкарыстаньня хімічнай зброі сыдзе з рук. Гэта стане крыху лягчэйшым, калі ўсе будуць ведаць, што выкарыстаньне хімічнай зброі будзе каштаваць ім візыт крылатых ракетаў з арсэналу ЗША.

Вось чаму адміністрацыя Абамы, як здаецца, хоча запусьціць свае крылатыя ракеты ў Сырыю, нават калі яны не пакладуць канца пакутам і вайне ці нават ня зробяць вялікай шкоды самому Асаду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG