Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты на бэнзін — новыя, праблемы — старыя


У ноч на 3 верасьня канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў пра чарговае падаражэньне аўтамабільнага паліва.

З улікам папярэдняй карэкцыі цэньнікаў у студзені цэны на асобныя гатункі бэнзіну і саляркі вырасьлі ад пачатку году на 13%. Да якой адзнакі ўлады намагаюцца дагнаць паказьнікі.

Бальшыня аўтааматараў да чарговага падвышэньня коштаў на паліва хоць і была маральна падрыхтаваная, але ўспрыняла яго негатыўна:

Кіроўца «Нісану»: «Вядома, цяжкавата будзе, бо трэба перабудоўвацца, мяняць пляны некаторых маршрутаў. Справа ў тым, што ў мяне шмат паездак, зьвязаных з працай, і выглядае, што асабістыя перасоўваньні давядзецца скараціць. Пры цяперашніх прыбытках удар досыць адчувальны. Хацелася б, каб да канца году цэны засталіся прынамсі на гэтым узроўні, сяк-так прыстасуемся. Але большы скачок будзе балючым».

Кіроўца «Мазды»: «Зразумела, што нікому не падабаецца падаражэньне, бо гэта перадусім уплывае на сямейны бюджэт. Але ўлады любой краіны пасьпяхова карыстаюцца тым, што, маўляў, нікуды вадзілы ня дзенуцца — езьдзіць жа трэба кожны дзень».

Кіроўца «Жыгулёў»: «Для спажыўцоў гэта дрэнна, натуральна. Тым больш што цэны растуць ня толькі на бэнзін, а літаральна на ўсё і практычна кожны дзень. Скажыце, дзе ў нас нешта зафіксавалася на стабільным узроўні?»

Найбольш падаражэлі дызпаліва і бэнзін Аі-95: рост — 500 рублёў (8500 і 8300 рублёў за літар адпаведна). Пры гэтым дызэль Эўра-5 каштуе 8800 рублёў. Аі-92 падаражэў на 400 рублёў і каштуе цяпер 7700–7800 рублёў за літар. Зрэшты, як паказала практыка, выбару паміж 92-м «стандартным К3» і «палепшанай якасьці К5» няма, бо АЗС аддаюць перавагу даражэйшай прадукцыі.

Два гады таму ў ліпені рэзкі рост цэнаў на паліва — ажно на 30% — прывёў да стыхійнай акцыі пратэсту «Стоп-бэнзін». Тады аўтааматары на паўдня заблякавалі галоўныя праспэкты сталіцы. Празь дзень Аляксандар Лукашэнка загадаў «адкруціць» цэны назад, але яны пратрымаліся нядоўга. Усе наступныя спробы адстаяць ранейшыя пазыцыі спыняліся міліцыяй і паступова зьвяліся да нуля. Ад таго часу ўлады трымаюцца іншай стратэгіі, падвышаючы цэны «дазавана» — на 5–7%.

Як лічыць экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак, у цяперашняй эканамічнай сытуацыі тэндэнцыя будзе захоўвацца. Паводле ягоных слоў, цэны на паліва ня толькі перагоняць расейскія, а і возьмуць курс на эўрапейскія:

«Думаю, што гэты цэньнік будзе нашмат вышэйшы за той, які цяпер абвясьцілі.
гэты цэньнік будзе нашмат вышэйшы за той, які цяпер абвясьцілі
Таму што ў эканоміцы справы вельмі дрэнныя, а сацыяльныя дзіркі нечым затыкаць трэба — і пэнсіі, і сфэру ахову здароўя, і ваенную прамысловасьць, і ўсе іншыя. Гэта значыць, трэба чакаць, што кошты будуць толькі ўздымацца — і для аўтааматараў, і для прамыслоўцаў».

Карэспандэнт: «То бок вы ня верыце заявам, што, маўляў, мы падцягваемся да коштаў у рамках Мытнага зьвязу, пасьля чаго рост спыніцца?»

«Не. Мытны зьвяз ёсьць Мытны зьвяз, але ж кошт паліва будзе расьці. Гэта трэба разумець. Мы ж бачым гэта па эканамічнай сытуацыі, якая складаецца ў Беларусі. Цуду ня будзе, гэта аб’ектыўны працэс, якога трэба чакаць. Хутчэй, цэны на паліва будуць такія, як у Літве, у Польшчы, вось на гэта трэба арыентавацца. А не на тое, што будзе таньней. Таньней ужо ня будзе».

Пра эўрапейскія арыенціры што да кошту паліва сьведчыць і цяперашняя сытуацыя на беларуска-расейскім памежжы. Кіраўнік транспартнай фірмы Алег Мягкоў кажа, што запраўляе фуры ў Смаленскай вобласьці Расеі, дзе салярка была таньнейшая яшчэ да сёньняшняга падаражэньня:

«Ужо і бэнзін у некаторых месцах у Расеі таньнейшы. А дызпаліва ёсьць нават па 26 расейскіх рублёў, а гэта ніяк не параўнаць з 90 цэнтамі ў нас. Няхай сабе
дызпаліва ёсьць нават па 26 расейскіх рублёў, а гэта ніяк не параўнаць з 90 цэнтамі ў нас
не найлепшай якасьці, але танны. Каля Сафонава фуры заўсёды запраўляюцца па дарозе ў Беларусь, хоць некалі было наадварот. Прынамсі па дызэлі дык стопрацэнтна таньней, чым у Беларусі. Я ня маю на ўвазе дызэль „Эўра-5“, бо гэта ўжо зусім па-багатаму, хто яго за такія грошы тут увогуле запраўляе? А дальнабойшчыкі ўжо запраўляюцца там, бо як на вялікі бак, то эканомія вельмі адчувальная».

Між тым, нават з улікам сёньняшняга падвышэньня цэнаў, бэнзін у Беларусі таньнейшы, чым у краінах Эўразьвязу, а таксама ва Ўкраіне. А таму несанкцыянаваны адток паліва ў гэтыя рэгіёны і надалей будзе працягвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG