Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс амэрыканскай валюты дасягнуў новага гістарычнага максымуму, пераадолеўшы плянку 9 тысяч рублёў за адзін даляр.

На таргах курс даляра ЗША склаў 9020 рублёў за 1 даляр і ў параўнаньні з 2 верасьня вырас на 30 рублёў.

Курс Нацбанку Беларусі на 4 верасьня склаў 9020 рублёў за даляр ЗША, 11 880 рублёў — за эўра.

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі зазначыў карэспандэнту «Свабоды», што гэтую плянку ў 9 тысяч рублёў за даляр можна было б назваць нейкім псыхалягічным бар’ерам, калі б у Беларусі сапраўды курс нацыянальнай валюты вызначаўся, строга зыходзячы з вынікаў гандлю на біржы.

Валеры Палхоўскі

Валеры Палхоўскі

«Але ў нас сытуацыя іншая. Рубель застаецца ў кіраваным плаваньні, і Нацбанк пры неабходнасьці ўмешваецца ў таргі».

Згодна з падлікамі Палхоўскага, пры ўзроўні інфляцыі і дэвальвацыі нацыянальнай валюты, які быў сёлета зафіксаваны з чэрвеня, да канца 2013 году можна чакаць курсу даляра 9300 рублёў:

«Павольная дэвальвацыя дапамагае палепшыць сытуацыю ў зьнешнім гандлі, асабліва з Расеяй, чыя валюта адносна даляра патаньнела сёлета на 10 працэнтаў. Трымаць у гэтай сытуацыі беларускі рубель стабільным было б небясьпечна для канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на расейскім рынку».

Прычынаў для больш маштабнай дэвальвацыі Валеры Палхоўскі ня бачыць:

«Ёсьць, вядома, праблемы, але пры жаданьні яны могуць быць пакрытыя рэзэрвамі Нацбанку».
XS
SM
MD
LG