Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснаваньне тэалягічнага каледжа ў Менску адпавядае заклікам ІІ Ватыканскага Сабору і Рымскіх Пантыфікаў аб павелічэньні ролі сьвецкіх людзей у жыцьці Царквы. Пра гэта заявіў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

30 жніўня герарх атрымаў пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі новай каталіцкай навучальнай установы, якая будзе адкрыта ў сталіцы Беларусі — «Менскага тэалягічнага каледжа імя св. Яна Хрысьціцеля». У ім кожны жадаючы зможа атрымаць веды ў галіне тэалёгіі, філязофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, кананічнага права, дабрачыннай дзейнасьці, сямейнай кансультацыі, сацыяльнай камунікацыі і інш.

У інтэрвію Ватыканскаму радыё архібіскуп Кандрусевіч адзначыў, што тэалягічны каледж будзе заснаваны на базе ўжо існуючага «Цэнтру падрыхтоўкі катэхетаў» Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Тры гады таму я заснаваў цэнтар па падрыхтоўцы катэхетаў. Ён пасьпяхова дзейнічаў на працягу трох гадоў — у гэтым годзе першыя яго выпускнікі атрымалі дыплёмы. Гэта было вялікай радасьцю для нас. Аднак трэба глядзець шырэй. Трэба ведаць, што патрэбныя ня толькі катэхеты, але таксама сямейныя кансультанты, працаўнікі ў сфэры дабрачыннасьці, людзі, якія змогуць заняцца мас-мэдыямі — выпускаць парафіяльную газэту ці займацца сайтамі. Для гэтага, на базе ўжо існуючага „Цэнтру падрыхтоўкі катэхетаў“ быў створаны каледж», — адзначыў герарх.

Архібіскуп Кандрусевіч падкрэсьліў, што навучэнцы каледжа будуць атрымліваць ня проста катэхетычныя веды, але сапраўдную тэалягічную адукацыю з рознай спэцыялізацыяй: тэоляг-сямейны кансультант, тэоляг-катэхет, тэоляг-спэцыяліст у галіне сацыяльнага навучаньня Царквы і інш.

Герарх расказаў, што заснаваньне каледжа, зьяўляецца «першым крокам» да спаўненьня яго даўняй мары — стварэньня тэалягічнага факультэту ці вышэйшай навучальнай каталіцкай установы, у якой змогуць вучыцца ня толькі будучыя сьвятары, але таксама і сьвецкія вернікі.

Паводле архібіскупа Кандрусевіча, заснаваньне каледжа і яго дзяржаўная рэгістрацыя дапамогуць у спаўненьні гэтай мары.

Пра гэта паведамляе партал Catholic.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG