Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму расейскія танкі дагэтуль не вызваляюць Баўмгертнэра?

  • Віктар Дзятліковіч

Санкцыя на арышт Сулеймана Керымава выводзіць канфлікт вакол Уралкалія на новы ўзровень, але рэакцыя расейскага кіраўніцтва на скандал усе адно застаецца на зьдзіўленьне стрыманай. Чаму так адбываецца?

Пагадзіцеся, усе мы чакалі больш эмоцыяў, больш жарсьцяў ад скандалу с затрыманьнем гендырэктара Ўралкалію Ўладзіслава Баўмгертнэра. Нашыя чаканьні былі абумоўленыя гістарычным досьведам. Бо ўсе апошнія гады любы беларуска-расейскі канфлікт імгненна, за дзень-два, выходзіў на вышэйшы ўзровень. Там былі «мухи и котлеты», там паводзіны Лукашэнкі называліся Медзведзевым «бесчестными», а Лукашэнка называў крамлёўскіх чыноўнікаў «безмозглыми». Карацей, кіпелі жарсьці. І раптам — амаль цішыня.

Для такіх паводзінаў ёсьць прычыны відавочныя, і мы іх абмяркоўвалі, напрыклад, у «Праскім акцэнце», прысьвечаным гэтай тэме. Але ёсьць і не відавочныя — і на іх мала хто зьвяртае ўвагі. І дарэмна. Пра што размова?

Першае


Дзеяньні Лукашэнкі для расейскага кіраўніцтва не выглядаюць нечым звышкаварным, недапушчальным, беспрэцэдэнтным. Таму што — давайце ўзгадаем — расейскія ўлады самі карысталіся такімі мэтадамі, праўда збольшага ва ўнутранае палітыцы.

Першым «палітычным закладнікам» у Расеі шмат хто лічыць аднаго з кіраўнікоў Аэрафлоту Мікалая Глушкова. Яго арыштавалі ў 2000 годзе і абвінавацілі ў махлярстве і раскраданьні валютных сродкаў кампаніі. Але Барыс Беразоўскі не аднойчы сьцьвярджаў, што лёс Глушкова быў прадметам гандлю паміж ім і расейскімі ўладамі — быццам бы Беразоўскаму абяцалі адпусьціць Глушкова ў выпадку, калі ён прадасьць акцыі Грамадзкага Расейскага Тэлебачаньня (ОРТ).
Беразоўскі акцыі прадаў, але Глушкоў выйшаў з-за кратаў толькі праз чатыры гады.

Яшчэ больш паказальная гісторыя Ўладзіміра Гусінскага. Арыштаваны ў тым жа 2000 годзе, ён выйшаў з турмы толькі пасьля таго, як пагадзіўся прадаць Газпрому ўсе свае мэдыя-актывы. Прычым гэты шантаж быў зафіксаваны афіцыйна, у дакумэнце, пад якім стаяць подпісы ў тым ліку Гусінскага і тагачаснага міністра друку Міхаіла Лесіна.

Крыху іншая сытуацыя была з арыштам Міхаіла Хадаркоўскага, але заўважым, што ў рэшце рэшт большая частка актываў ЮКАСу дасталася дзяржаўнай кампаніі «Роснафта».

Увогуле арышт бізнэсмэнаў як спосаб канкурэнтнай барацьбы — паўсядзённая расейская практыка.

Другое


Расею ўжо шантажавалі закладнікамі на міждзяржаўным узроўні, і Расея прадэманстравала, што гатовая весьці перамовы ды ісьці на саступкі. Размова — пра суд над расейскімі лётчыкамі ў Таджыкістане ў 2011 годзе. Калі хто ня памятае, іх абвінавацілі ў кантрабандзе і незаконным перасячэньні мяжы. Абвінавачаньне было відавочна сфальсыфікаванае, аднак лётчыкі атрымалі па 8,5 гадоў турмы. Хутка яны выйшлі на волю па амністыі, але толькі пасьля таго, як у Расеі з турмы быў вызвалены асуджаны за распаўсюджаньне наркотыкаў сваяк прэзыдэнта Таджыкістана і сын кіраўніка таджыцкай чыгункі Рустам Хукумаў. Мала хто ў Расеі сумняваецца, што меў месца абмен «закладнікамі».

Трэцяе


Беларускія ўлады дзейнічаюць супраць Сулеймана Керымава абсалютна тымі ж мэтадамі, якімі сам Керымаў, на думку многіх, злоўжываў падчас усёй сваёй бізнэс-кар’еры. Ні для каго не сакрэт, што ў расейскім бізнэсе за Керымавым замацаваўся імідж пасьпяховага рэйдэра, які ня вельмі разборлівы ў сродках, калі жадае ўзяць пад кантроль чужы бізнэс. Сярод ахвяраў структураў Керымава называюць кампаніі «Ингосстрах», «Носта», «Смоленский пассаж», «Главмосстрой» і некаторыя іншыя.

Не абышлося без абвінавачваньняў у рэйдарстве нават тады, калі Керымаў набываў галоўнага канкурэнта Ўралкалія — кампанію Сільвініт. Так, у рэшце рэшт ён прапанаваў яе гаспадарам вельмі прывабныя грошы за акцыі, значна большыя, чым яны каштавалі на біржы. Але на Сільвініт былі іншыя пакупнікі. Толькі вось Керымаў ведаў, як «упэўніць» уладальнікаў кампаніі, што прадаць яе трэба менавіта яму. Пра гэта распавёў часопіс Forbes: «Саўладальнік „Сільвініта“ Анатоль Ламакін (ен вёў перамовы з Керымавым) спачатку ўпэўніваў уладальніка „Нафты“, што кампанія не прадаецца. Бо ўжо ішлі перамовы пра аб’яднаньне „Сільвініту“ з холдынгам „Фосагро“. Тады на „Сільвініт“ заехала паўсотні чалавек з розных правяраючых структураў, гавораць знаёмыя былых уладальнікаў кампаніі». Пасьля візыту рэвізораў уладальнікі Сільвініту прадалі кампанію структурам Керымава.

Безумоўна, усе гэтыя дзеяньні не маглі не адбіцца на адносінах да Керымава як у бізнэсовых, так і ў палітычных колах. Занадта шмат ворагаў і нядобразычліўцаў мае суўладальнік Уралкалія, каб спадзявацца на тое, каб ягоныя інтарэсы ў Беларусі Расея абараняла на поўную моц. Асабліва, калі размова ішла нават не пра самога Керымава, а толькі пра некалькіх топ-мэнэджэраў ягонае кампаніі.

Аднак, пасьля таго, як беларускія ўлады выдалі ордэр на арышт самога Керымава, сытуацыя можа крыху зьмяніцца. Якая б міжкланавая вайна не вялася ў самой Расеі, арышт аднаго з блізкіх Крамлю алігархаў яўна не ўваходзіць у пляны нават яго нядобразычліўцаў. Бо, фактычна, на грошы Керымава існуюць мінімум два рэгіёны Расеі — Пермскі край, дзе знаходзіцца Ўралкалій (і яго падаткі складаюць значную частку бюджэту рэгіёну) і Дагестан, куды Керымаў укладае шалёныя грошы.

Менавіта таму, думаю, у бліжэйшы час мы пабачым, як канфлікт выйдзе на самы высокі ўзровень. Хутка зьявяцца і эмоцыі, і жарсьці. і «мухи с котлетами».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG