Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку апраўдалі па «бабруйскай справе»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Бабруйская міліцыя спыніла адміністратыўную справу за раздачу Анатолем Лябедзькам і Віктарам Бузінаевым газэты «Голас розуму».

14 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і кіраўніка Бабруйскай партыйнай арганізацыі Віктара Бузінаева на прахадной заводу «Белшына», дзе тыя размаўлялі з працоўнымі і раздавалі інфармацыйны бюлетэнь «Голас розуму», прысьвечаны тэме карупцыі.

На іх склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і нават прызначылі час разгляду справы па вынесеным абвінавачаньні. Але на разгляд у Бабруйск Лябедзька не паехаў.

Сёньня ж Анатоль Лябедзька нечакана атрымаў з Бабруйску пастанову аб спыненьні адміністрацыйнай справы. Больш за тое, міліцыя пастанавіла вярнуць канфіскаваныя 305 асобнікаў бюлетэня «Голас розуму» .

Анатоль Лябедзька нават зьдзівіўся:

«У маёй практыцы гэта першы выпадак, калі пачатую адміністрацыйную справу згарнулі на подступах да судовага працэсу. Рашэньне пазытыўнае, але, несумненна, палітычнае. Магчыма, палічылі, што піярыць тэму карупцыі і прывілеяў улады — сабе даражэй. Для мяне ж вынік справы мае практычную каштоўнасьць. Я кажу сваім калегам — наперад, на прахадныя! „Голас розуму“ чакаюць ня толькі ў Бабруйску, але і ў Гародні, Берасьці, Воршы, Маладэчне. Выходзячы на заводзкія прахадныя з нашымі інфармацыйнымі матэрыяламі, мы нічога не парушаем!»

Анатоля Лябедзьку і Віктара Бузінаева затрымалі каля прахадной «Белшыны», дзе цягам гадзіны яны раздавалі інфармацыйны бюлетэнь «Голас розуму», у якім былі артыкулы пра «прыхватызацыю» і карупцыю ў Беларусі. Яны пасьпелі раздаць больш за тысячу асобнікаў, міліцыянты сканфіскавалі 305. Але ў выходных дадзеных бюлетэня значыцца наклад у 295 асобнікаў. За гэта і зачапіліся міліцыянты, абвінаваціўшы Лябедзьку і Бузінаева ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі зь несапраўднымі выходнымі зьвесткамі.

Міліцыянты пры гэтым цікавіліся, як выданьне даставілі ў Бабруйск, дзе яно выдрукавана й колькі раздалі людзям.

Палітыкаў абвінавацілі паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу: «Парушэньне ўсталяванага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў пэрыядычных друкаваных выданьняў, распаўсюду эратычных выданьняў, апублікаваньня сродкам масавай інфармацыі абвяржэньня, а роўна незаконны выраб і (або) распаўсюджваньне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».

Ім пагражаў штраф у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь — ад 2 да 5 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG