Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават кантраляваная дэвальвацыя можа прывесьці да некантраляванай»


 Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Адмыслоўцы навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Міністэрства эканомікі заяўляюць, што трэба правесьці плаўную дэвальвацыю беларускага рубля — прыблізна на 10 працэнтаў. Ці можна сказаць, што такая думка запанавала ў эканамічным кіраўніцтве краіны? Чаму ўлады баяцца дапусьціць нават паступовую дэвальвацыю нацыянальнай валюты? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

— Тое, што «афіцыйныя» эканамісты заяўляюць пра неабходнасьць плаўнай дэвальвацыі беларускай валюты — ці азначае гэта, што такая думка запанавала сярод большасьці ў эканамічным кіраўніцтве краіны?

— На мой погляд, яшчэ ня час сьцьвярджаць, што гэта ўсеагульная думка. Шмат хто ў кіраўніцтве баіцца нават плаўнай дэвальвацыі, бо яна можа прыняць рэзкія маштабы, як гэта было ў 2011-м. Бо нават кантраляваная дэвальвацыя можа прывесьці да некантраляванай. І таму ўлады асьцерагаюцца нават малой дэвальвацыі, якая можа выйсьці з-пад іхняга кантролю.

— Адначасова сёньня зьявілася паведамленьне, што дэфіцыт гандлёвага балянсу за 7 месяцаў году склаў 2,2 мільярда даляраў. Факт, відавочна, неспрыяльны для стабільнасьці нацыянальнай валюты. Ці пакідае такая тэндэнцыя магчымасьць утрымліваць рубель, не зьмяншаючы золатавалютныя рэзэрвы?

— Такая магчымасьць захоўваецца. Але тут найбольшы выклік — знайсьці дадатковыя крыніцы зьнешняга фінансаваньня. Гэта могуць быць пазыкі, інвэстыцыі ці продаж нейкіх аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці. Я лічу, гэта, магчыма, адзіная альтэрнатыва паступоваму абясцэньваньню нацыянальнай валюты.

— У папярэднія месяцы ўлады знаходзілі шлях павольнай дэвальвацыі, якая не прыводзіла да панікі. Ці можа працягвацца такі сцэнар?

— Дэвальвацыя можа ісьці вельмі павольна, бо, паўтаруся, ёсьць асьцярогі, што гэта можа стаць некіраваным працэсам. Да больш хуткай дэвальвацыі ўлады могуць паставіцца станоўча, калі знойдуць зьнешнія пазыкі — калі яны будуць упэўненыя, што кантралююць працэс. Таму калі будзе вырашана задача знайсьці зьнешняе фінансаваньне, тады і дэвальвацыя можа стаць хутчэйшай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG