Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што кажуць нашы мэдыі пра „Ўралкалій“ — там праўды на 30%»


Былыя і дзейныя супрацоўнікі «Беларуськалія» працягваюць абмяркоўваць прычыны канфлікту з «Уралкаліем» і лёс арыштаванага ў Менску гендырэктара расейскага прадпрыемства Ўладзіслава Баўмгертнэра.

2 верасьня аднавілася здабыча калійнай солі на другім рудніку «Беларуськалія», які тыдзень прастойваў з прычыны канфлікту паміж аб’яднаньнем і расейскім «Уралкаліем».

«Запускаем наш руднік. Цяпер працуюць толькі трэці руднік і мы запускаемся, а першы і чацьвёрты стаяць», — паведаміла ў сярэдзіне дня дыспэтчар 2-га рудніка.

Апоўдні 31 жніўня, калі я пад’ехаў да прахадной 2-га рудніка, што за некалькі кілямэтраў ад Салігорску, там стаяла суцэльная ціша. Толькі некалькі мужчын сядзелі на аўтобусным прыпынку, чакаючы транспарту ў горад. Працаўнікі рудніка ад інтэрвію адмовіліся, сказаўшы толькі, што сваё аддзяжурылі. У горадзе я сустрэў супрацоўніка «Беларуськалія» Ўлада, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, хоць і не збаяўся выказацца на дыктафон пра канфлікт з «Уралкаліем». Паводле Ўлада, вінаватыя ў канфлікце абодва бакі і «трэба разам шукаць згоды». Што да арышту гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра, тут мой суразмоўца быў больш катэгарычны:

«Непрыгожа атрымалася. Цалкам згодны, што гэта недакладна было зроблена. Чалавек прыехаў на запрашэньне дзяржавы, а яго ўзялі і арыштавалі. Гэтак рабіць было нельга, я з гэтым нязгодны».

А як успрынялі арышт Уладзіслава Баўмгертнэра Ўладавы калегі па працы? Паводле працаўніка, меркаваньні калегаў падзяліліся прыкладна напалову:

«Ня згодны з тым, што ўсе ўхваляюць ягоны арышт, як і з тым, што ўсе асуджаюць. 50 на 50. Калі вінаваты, то чаму б і не затрымаць? Але хто ж ведае? Я, прыкладам, ня ведаю. Тое, што нашы мэдыі пра гэта кажуць — дык там толькі, магчыма, 30% праўды можа быць. Усё накручваюць ды накручваюць».

Паводле майго суразмоўцы, на мінулым тыдні ён адпачываў і таму атрымае дзьве траціны заробку. «Пацярплю. На прадпрыемстве бывалі часы і больш складаныя, чым цяпер», — сказаў пра падзеньне заробкаў Улад.

Былы шахцёр, цяпер пэнсіянэр Валер Гарбацэвіч застаецца сябрам Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, які ў 1990-х гадах узначальваў. Валер Гарбацэвіч таксама ня думае, што цяперашнія шахцёры пойдуць на акцыі пратэсту ў сувязі са скарачэньнем заробкаў. Што да неабходнасьці вызваленьня Ўладзіслава Баўмгертнэра, тут актывіст ня бачыць варыянтаў:
Актывіст Незалежнага прафсаюзу гарнякоў: Баумгертнэра трэба адпускаць, адкуль прыехаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00
Наўпроставы лінк

«Гэтак у сьвеце ня робяць. Калі на запрашэньне прэм’ера прыяжджаюць высокія асобы, іх не арыштоўваюць нідзе. Трэба адпускаць чалавека туды, адкуль ён прыехаў».

Разьвязаць канфлікт паміж «Беларуськаліем» і «Ўралкаліем» павінны эканамісты і юрысты, мяркуе Валер Гарбацэвіч. Спадар Гарбацэвіч лічыць, што «Беларуськалію» па сілах дзейнічаць на сусьветным рынку калійных угнаеньняў і без «Уралкалія».

Супрацоўнік 1-га рудніка, былы шахцёр Аляксандар Бобін таксама мяркуе, што Ўладзіслава Баўмгертнэра трэба тэрмінова вызваляць:

«Як гэта можна чалавека пасадзіць, калі ён яшчэ невінаваты? Спачатку ж трэба даказаць, а тут узялі і пасадзілі. Прэзумпцыя невінаватасьці спачатку. Мы ўсе людзі і разумеем, што цяпер зь яго, можа, выбіваюць паказаньні. Там жа свая сыстэма».

Працаўнікі рудніка працягваюць абмяркоўваюць затрыманьне Баўмгертнэра, якое адбылося тыдзень таму, паведаміў «Свабодзе» Аляксандар Бобін:

«Усім не спадабалася таксама, што гэтак падставілі Мясьніковіча. Яшчэ
Усім не спадабалася таксама, што гэтак падставілі Мясьніковіча
адзначаюць, што арыштавалі грамадзяніна іншай дзяржавы. Жартуюць, што цяпер Лукашэнка будзе баяцца езьдзіць туды, у Расею. Бо і яго гэтаксама могуць «закрыць».

1 жніўня ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Валеры Кірыенка заявіў, што бліжэйшым часам ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» з чыста беларускім капіталам зможа стаць лідэрам сярод трэйдэраў на рынку, «Для нас гандаль калійнымі ўгнаеньнямі — гэта ня новае, у нас ёсьць прафэсіяналы. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час мы зможам забясьпечыць сябе тымі аб’ёмамі, якія неабходныя, і, акрамя таго, стварыць Беларускую калійную кампанію, ужо чыста беларускую, з нашым капіталам, для таго каб яна была лідэрам сярод трэйдэраў на рынку», — падкрэсьліў Валеры Кірыенка.

Пры гэтым на мінулым тыдні стала вядома, што будынак БКК у Менску ўрад пастанавіў перадаць Банку разьвіцьця за 416 мільярдаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG