Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліцэйская лінейка пад вокнамі суду


Выкладчыкі і навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа адзначылі пачатак новага навучальнага году імправізаванай лінейкай пад сьценамі суду Цэнтральнага раёну Менску.

Менавіта тут да 2003 году месьцілася іх навучальная ўстанова, якая на загад Міністэрства адукацыі была зьліквідаваная. Апошняе дзесяцігодзьдзе ліцэй дзейнічае ў падпольных умовах.

Адзінаццаты раз ліцэісты зьбіраюцца пад вокнамі былой альма-матэр, каб выказаць спадзеў, што яны сюды яшчэ вернуцца. Зрэшты, некаторым маладым людзям цягам прамінулых гадоў удавалася зазірнуць у сваю школу, але ў іншай ролі — падсуднымі па адміністрацыйных справах. Цяпер у былых ліцэйскіх кабінэтах выносяцца прысуды, у тым ліку палітычныя.

Адкрываючы ўрачыстую лінейку, адзін з заснавальнікаў і нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас сказаў, што падпольны статус установы ня зьменшыў цікавасьці да яе і ахвотных атрымліваць адукацыю на беларускай мове па-ранейшаму шмат:

«Роўна 10 гадоў таму наш ліцэй быў афіцыйна зьліквідаваны. Нягледзячы на гэта, мы ў 2003 годзе пачалі навучальны год тут — проста праз дарогу былі пастаўленыя парты, быў натоўп людзей, які прыйшоў нас падтрымаць. Іншымі словамі, мы пачалі заняткі ў ліцэі, які на той час ужо быў як быццам зьліквідаваны, пад дрэвамі ля дынамаўскага плота, насупраць нашага будынка. Нам папросту не было куды ісьці. І тое, што мы 10 гадоў усё ж трымаемся ў такім рэжыме — нягледзячы ні на што — гэта таксама сьведчаньне таго, што нашыя мары і нашая вера таго вартыя. То бок справа, дзеля якой мы ўсе разам сабраліся, яна таго вартая».

Уладзімер Колас пад вокнамі былога ліцэю

Уладзімер Колас пад вокнамі былога ліцэю



Ад мінулага году ліцэісты паралельна зьяўляюцца навучэнцамі Гданьскай міжнароднай школы — адзін з вынікаў плённага супрацоўніцтва з польскімі калегамі. Тым ня меней, на думку выкладчыка Ягора Сурскага, таксама выпускніка коласаўскага ліцэю, узровень адукацыі залежыць ня столькі ад побытавых умоваў, колькі ад агульнага жаданьня выкладчыкаў і вучняў дзяліцца ведамі:

«Адукацыя павінна заўсёды натхняць людзей. Таму пачатак кожнага навучальнага году, нават не зважаючы на тое, дзе ён адбываецца, павінен натхняць. Імкненьне да ведаў павінна заўсёды існаваць, прычым ня толькі ў дзяцей. Цяпер вельмі часта кажуць пра lifelong education — адукацыю працягласьцю ўсё жыцьцё. Сапраўды, пануе такі настрой, натхненьне. Але вось менавіта ацаніць, што гэтыя веды нешта значаць, што гэта нешта дало, чалавек можа толькі тады, калі пройдзе нейкі прамежак часу, калі людзі асэнсуюць тую эпоху, той час і зразумеюць — ці варта было атрымліваць гэтую адукацыю, ці гэтая адукацыя нешта дала, ці не, ці, наадварот, павяла ў зман. І менавіта ліцэй стварае такую перадумову, каб зразумець, што выхаваньне грамадзтва, выхаваньне людзей значыць у такім шырокім сэнсе».

Як расказаў новым сябрам калектыву намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі, у легальным статусе Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа адпрацаваў амаль 13 гадоў, зь іх больш за дзесяцігодзьдзе прайшло пад дахам будынка на вуліцы Кірава, 21. Але ад 2003-га пайшоў адлік падпольнай дзейнасьці:

«Хто першы раз тут, можа, ня ведае, што ў гэтым будынку мы знаходзіліся ад 15 студзеня 1992 году, таму ў гэты дзень мы таксама сюды прыходзім і традыцыйна ладзім дзень ліцэю — у сувязі з пачаткам працы ў гэтым будынку. Дарэчы, на другім паверсе крайняе вакно — гэта дырэктарскі кабінэт, цяпер там сядзяць судзьдзі. Ну, а сам ліцэй як установа нядзельнага тыпу пачаў працаваць ад 28 лістапада 1990 году, а ад 1 кастрычніка 1991-га ўжо існаваў як стацыянарная дзяржаўная адукацыйная ўстанова і праіснаваў 12 наступных гадоў, пра што ўжо было сказана... Яшчэ раз усіх віншую, спадзяюся вас у добрым настроі і добра маральна падрыхтаванымі сустрэць на занятках. Жыве ліцэй! Жыве Беларусь!» (Жыве! — вокліч ліцэістаў).

Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі і скульптар Гэнік Лойка

Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі і скульптар Гэнік Лойка



Традыцыйная лінейка пад экспрапрыяваным будынкам завяршылася выкананьнем ліцэйскага гімну, пасьля чаго ўваходную браму ўпрыгожылі жывыя кветкі. Судовыя ахоўнікі за дзеяй назіралі, але ня ўмешваліся.

Кветкі да навучальнага сэзону

Кветкі да навучальнага сэзону

XS
SM
MD
LG