Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча арыштаваць уладальніка найбольшага пакета акцыяў «Уралкалія», гаспадара футбольнага клюбу «Анжы», іншай уласнасьці агульным коштам 7,8 мільярда даляраў, сябра Савету Фэдэрацыі Расеі.

Расейскі прадпрымальнік Сулейман Керымаў — ураджэнец Дагестану (1966), лезгін. Кантралюе фінансава-прамысловую групу «Нафта Масква», валодае футбольным клюбам расейскай Прэм’ер-лігі «Анжы», сябра Савету Фэдэрацыі Расеі ад Дагестану.

Бацька Керымава працаваў у крымінальным вышуку, маці ў часы СССР была бухгальтарам у Ашчадбанку. Мае брата і сястру. Жонка — былая аднакурсьніца.

Керымаў скончыў (1989) факультэт эканомікі Дагестанскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Цесьць, буйны партыйны функцыянэр, дапамог яму ўладкавацца эканамістам на завод «Эльтаў». У 1995 годзе Керымаў даслужыўся да пасады памочніка генэральнага дырэктара па эканамічных пытаньнях. Пазьней перасяляецца ў Маскву, дзе становіцца намесьнікам генэральнага дырэктара кампаніі «Саюз-Фінанс», з 1999 году — віцэ-прэзыдэнт «Міжнароднага інстытуту карпарацый», пазьней стаў дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі (2000–2003) .

З 2007 году — прадстаўнік Дагестану ў Савеце Фэдэрацыі.

Валодае маёмасьцю і сродкамі на 7,8 мільярда даляраў. У 2011 годзе заняў 19-е месца ў сьпісе 200 найбагацейшых бізнэсмэнаў Расеі паводле часопіса Forbes.

Сярод актываў — 4,5% акцыяў «Газпрома» , 6% — Ашчадбанку Расеі, 75% — кампаніі «Полиметалл» (здабыча срэбра і золата), 37% — кампаніі «Полюс Золота», 100% — бынку «Мосстройэкономбанк», гандлёвага комплексу «Смоленский Пассаж». У лістападзе 2011 году стаў саўладальнікам ААТ «Ростелеком» , набыўшы 6-працэнтны пакет акцыяў.

Да 2008 году, паводле дадзеных Forbes, вывеў асноўную частку капіталу з Расеі, інвэставаўшы ў акцыі замежных карпарацыяў. На сьнежань 2010 году валодаў 25% акцыяў ААТ «Уралкалій». Выказваў жаданьне купіць і «Беларуськалій».

У кастрычніку 2012 году Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ заявіў, што яму прапаноўвалі хабар у 5 мільярдаў даляраў за куплю «Беларуськалія»:

«Некаторыя вашы алігархі здурнелі і прапанавалі аднаму ўваходжаму да мяне багатаму расейскаму чалавеку: «Вы яму скажыце — вось 10 мільярдаў плацім , а 5 мільярдаў — яму, куды скажа».

Лукашэнка не сказаў тады, хто прыходзіў да яго з такой прапановай.

Апошнім часам Керымаў як член Савету Фэдэрацыі не займаецца бізнэсам, усе свае актывы перадаў у давернае кіраваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG