Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АГП пачынае збор подпісаў супраць расейскай авіябазы


Магілёўскі гарвыканкам ня даў дазволу актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі правесьці акцыю пратэсту супраць намераў улады разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу.

З заяўкай па дазвол на правядзеньне мітынгу ў вызначаным для масавых мерапрыемстваў месцы зьвяртаўся старшыня абласной партыйнай арганізацыі Ўладзімер Шанцаў.

Паводле партыйца, адмова аргумэнтаваная тым, што пададзеныя дакумэнты на акцыю не адпавядаюць пастанове гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве».

Актывіст кажа, што ў лісьце за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Мікалая Міхалені не дэталізавана, што канкрэтна стала прычынай адмовы.

Месяц таму абласная арганізацыя АГП ужо зьвярталася па дазвол, каб правесьці акцыю пратэсту супраць авіябазы. Таксама на стадыёне «Хімік». Ён вызначаны як месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца без удзелу ўлады. Правесьці акцыю партыйцам не дазволілі.

Уладзімер Шанцаў дзеяньні гарвыканкаму называе незаконнымі, бо яны супярэчаць ня толькі Канстытуцыі Беларусі, але й пастановам ураду, якія рэглямэнтуюць правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Гаварыць пра тое, ці зьбіраюцца сябры АГП праводзіць у Магілёве несанкцыянаваныя акцыі пратэсту супраць расейскай авіябазы, Уладзімер Шанцаў пакуль устрымліваецца, але адзначае:

«На забарону правядзеньня пратэстных акцыяў кааліцыя дэмакратычных сіла Магілёўшчыны адкажа зборам подпісаў пад зваротам «Аб недапушчэньні разьмяшчэньня расейскіх авіябазаў у Беларусі». Гэта будзе маратон збору подпісаў па ўсёй краіне. Подпісы будуць зьбірацца бесьперапынна і бестэрмінова. Подпісы будуць перадавацца ва ўладныя структуры. Мы хочам засьведчыць, што грамадзяне Беларусі не падтрымліваюць разьмяшчэньня ў краіне замежных вайсковых базаў».

У Беларусі пакуль толькі жыхар Магілёва Мікалай Гладышаў наважыўся на несанкцыянаваную акцыю пратэсту супраць расейскай авіябазы. 4 ліпеня сябра АГП правёў аднаасобны пікет насупраць будынка Магілёўскага гарвыканкаму. 26 жніўня ён правёў падобную ж акцыю ў Менску насупраць расейскай амбасады. За пратэст у Магілёве актывісту далі мільён рублёў штрафу. За аднаасобны пікет у Менску — 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG