Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За стагодзьдзе мужчыны вырасьлі на 11 сантымэтраў


Belarus – The tall men, generic, 2013

Belarus – The tall men, generic, 2013

Паводле досьледу, апублікаванага нядаўна ў часопісе Oxford Economic Papers, сярэдні рост мужчын у Эўропе паміж 1870-1980 гг. павялічыўся на 11 сантымэтраў.

Брытанскія дасьледнікі ўзялі пад увагу зьвесткі, атрыманыя з вайсковых архіваў і перапісаў насельніцтва ў 15 эўрапейскіх краінах. Дасьледнікі адзначаюць, што немагчыма правесьці падобны досьлед для жанчын, паколькі ў адносінах да жаночага росту амаль няма значнай гістарычнай інфармацыі.

Прафэсар Цім Гатан з Эсэкскага ўнівэрсытэту, які кіраваў згаданым досьледам, сказаў Бі-Бі-Сі, што тэндэнцыю павелічэньня мужчынскага росту нельга вытлумачыць генэтычнымі прычынамі. Наборам генам, дадаў ён, можна патлумачыць розьніцы ў росьце індывідуальных арганізмаў, але не агульную тэндэнцыю, якая таксама не паддаецца «дарвінаўскаму тлумачэньню». Сёньня выжываюць людзі, якія ніякім чынам ня выжылі б у ХІХ стагодзьдзі, сказаў Гатан.

Паводле брытанскіх дасьледнікаў, рост чалавека ў значнай ступені залежыць ад таго, што зь ім адбываецца ў першыя два гады жыцьця. Высокі ўзровень захворваньняў, такіх як хваробы органаў дыханьня або дыярэя — якія некалі выклікалі высокую дзіцячую сьмяротнасьць — паўплывалі на разьвіцьцё чалавечага арганізму ў агульнасьці ды на тэндэнцыю павышэньня мужчынскага росту ў прыватнасьці, паколькі дзіцячая сьмяротнасьць значна зьнізілася на працягу досьледнага пэрыяду.

Іншы фактар уплыву, на які зьвяртаюць увагу навукоўцы, зьвязаны з пераходам чалавецтва да мадэлі меншай сям’і, што азначала агульнае паляпшэньне харчаваньня.

Уплыў на павелічэньне мужчынскага росту, паводле брытанскіх дасьледнікаў, мелі таксама больш высокія даходы насельніцтва, лепшыя санітарныя ўмовы жыцьця ды павышэньне агульнага ўзроўню адукацыі пра здароўе і харчаваньне.
XS
SM
MD
LG