Лінкі ўнівэрсальнага доступу

О спорт, ты мір


Сто дваццаць адна краіна выправіла сваіх спартоўцаў на алімпійскія гульні 1972 году ў Мюнхене. На той час — рэкорд: удзельнічалі нават Лесота, Альбанія і КНДР. Атлеты апошняй пад кіраўніцтвам свайго супэртрэнэра Кім Ір Сэна здолелі ўхапіць цэлых пяць мэдалёў. Хаця галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел, так нас вучылі ў дзяцінстве...

Пра тое, што ў баварскую сталіцу прыбыла і яшчэ адна алімпійская зборная, сто дваццаць другая, ніхто не падазраваў. А калі і падазраваў, дык маўчаў сабе, як плесьня ў сыры бэргадэр. Каманда Палестыны складалася з васьмі чалавек — праўда, спэцыялізаваліся яны толькі ў адным відзе спорту, тым, які пасьля 1972 году зробіцца сапраўды алімпійскім: захопе і забойстве закладнікаў. Палестынскія спартсмэны прыехалі з усім неабходным рыштункам — аўтаматы Калашнікава, пісталеты ТТ, ручныя гранаты...

Канкурэнтаў у іх не было. А ад пачатку не было і супернікаў. Ну, хіба што заходненямецкая паліцыя, кіраўніцтва якой лічыла, што чым менш яно будзе ўмешвацца ў гульні, тым лепш, а таму пастанавіла не рабіць зусім нічога. Бо ці мала што яшчэ падумаюць пра заходненямецкую паліцыю.

Раніцай 5 верасьня палестынскія алімпійцы з усім рыштункам пералезьлі праз агароджу алімпійскай вёскі. Так рабілі амаль усе спартоўцы, якія ленаваліся карыстацца брамай. Таму на палестынцаў ніхто не зьвярнуў увагі. Кажуць, нейкія дабрадушныя цяжкаатлеты, якія загулялі пасьля выступу, нават дапамаглі калегам з Блізкага Ўсходу: падсадзілі іх і перакінулі на той бок цяжкія заплечнікі. Палестынцы падзякавалі добрым людзям і рушылі да дому, у якім жыла ізраільская дэлегацыя.

Вынік вядомы. Адзінаццаць ізраільцянаў было забіта, двое — ужо ў першыя гадзіны захопу. Ды яшчэ нямецкі паліцыянт, які ўдзельнічаў у вызваленьні закладнікаў. Вызваленьні, якога, фактычна, так і не адбылося. Адбылася бойня — бойня і гандаль. Палестынцы адчувалі сябе героямі. Хіба ж гэта не гераізм, хіба ж не змаганьне за свабоду, за радзіму: застрэліць некалькі бяззбройных яўрэяў? Гэта ж ва ўсе часы ўважалася за доблесьць. Амаль спартовую. Да таго ж блаславеньне забойцам даў сам тата Арафат: беражы вас бог, сыночкі, сказаў ён ім, пасылаючы на Алімпіяду. Таксама трэнэр — у нейкім сэнсе.

Вінаватых з боку арганізатараў і сілаў бясьпекі даўно ўжо не шукаюць. Хаця, здаецца, ясна і так: ва ўсім вінаваты Гітлер. Гэта ж за ягоным часам у Нямеччыне ўжо праводзілася адна вельмі дзіўная Алімпіяда... І вось, каб ніхто нічога не падумаў, каб ні ў кога ня ўзьнікла нават найменшых паралеляў і алюзій з тымі нацысцкімі гульнямі, каб пазьбегнуць нават наймізэрнейшай двухсэнсоўнасьці — варта было пакінуць алімпійскую вёску ў 1972-м без аховы і не прадугледзець небясьпекі. Каб ніхто нічагусенькі... А палестынскія змагары і ня думалі. Яны дзейнічалі. І «нямецкая віна», ва ўгоду якой быў прыдуманы ўяўны «о-спорт-ты-мір», меншай у вачах сьвету усё адно не зрабілася. Хіба што набыла новыя, алімпійскія адценьні, зусім ня сьветлыя...

...Вось Гюнтэр Грас напісаў у сваім «антыізраільскім» вершы «Што мусіць быць прамоўлена» пра тое, што толькі так, гаворачы праўду пра ізраільскі мілітарызм,

«можна дапамагчы ўсім,
Ізраільцянам і палестынцам,
Усім людзям, якія жывуць, варагуючы ў цеснаце
Гэтага акупаванага вар’яцтвам рэгіёну,
І нам, урэшце, таксама».


Толькі так — прамаўляючы тое, «што мусіць быць прамоўлена»: пра тое, што Ізраіль — пагроза міру на зямлі і ўсё такое. Але сёньня, 5 верасьня, хай стары Грас лепш прамовіў бы іншыя словы, імёны, што таксама маюць права быць названымі хаця б раз на год і заставацца ў памяці. І тады, можа, упэўненасьці ў тым, хто тут вораг, у нас усіх было б меней. Вось яны, тыя імёны:

Давід Бэргер, Мошэ Вайнбэрг, Ёзэф Гутфройнд, Ёзэф Рамана, Марк Славін, Аміцур Шапіра, Кехат Шор, Андрэ Шпіцэр, Якаў Шпрынгер, Эліэзэр Халфін, Гадзі Цабары.

Барцы ды штангісты, ды судзьдзі міжнародных катэгорый. Толькі такіх і трэба браць у ворагі палестыншчыны. Стрэліў — і гатова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG