Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за ўсё гэта нагадвае казку. У якой, як гэта водзіцца ў Азіі, паўнютка хлусьні і намёкаў, а мараль прыносяць добрыя малойцы ў форме ГПУ. 3 верасьня 1932 году чатырнаццацігадовы хлопчык Павел Марозаў і ягоны малодшы брат Фёдар пайшлі ў лес па журавіны і не вярнуліся.

«1932 года 6 сентября час дня я уч. инспектор Титов в присутствии Ермакова Кирилла Потупчика Дениса Ермакова Петра Прокоповича Осипа Пуляшкина Егора Книги Максима островского Андрея Шатракова Дмитрия 1932 года 6 сентября было заявлено Морозовой Татьяной что у нее потерявшись 2 мальчика Морозовых Павел 14 лет и Федор 9 лет которых при облаве обнаружили от деревни Герасимовки на расстояние 1 километра у рожице под сергиной от дороги Морозова Павла 10 метров каковой лежал головой в восточную сторону на голову был одет мешок в правой в левой руке между указательного и большого пальца разрезана мякоть и нанесен смертельный удар ножом в брюхо в правую половицу куда вышли кишки в торой удар нанесен ножом в грудь около сердце Под каковым находились рассыпаны ягоды клюквы ... Второй труп Морозова Федора от Павла на расстояние на 15 метров головой в восточную сторону нанесен удар в левый висок палкой и правая щека истекши кровью раны не заметно и ножом нанесен смертельный удар в брюхо выше пупа куда вышли кишки, и так же разрезана правая рука ножом до кости около обнаруженного трупа находилась болотина у таковой он лежал у края в редком осиннике. Нанесены смертельные удары ножом».

Так пачалася гэтая гісторыя пра расейскага піянэра № 1 — Паўліка Марозава, які нібыта здаў органам уласнага бацьку, быў забіты за гэта кулакамі, савецкай прапагандай ператвораны ў ікону, і антысавецкай — у такога сабе Юду. Трылер з журавінавай маральлю, дэтэктыў на хрысьціянскія тэмы. А казка ўсё адно прасьвечвае скрозь зарасьнікі, віецца лясной ненадзейнай сьцежкай, па якой зусім зьбіты з тропу слухач рана ці позна прыйдзе ў прасторную дзяржаўную кватэру, застаўленую бронзавымі хлапечымі бюстамі, сярод якіх сядзіць баярыняй маці пэрсанажа — сына яна ўжо ня памятае, а вось брашуркі пра яго завучыла на памяць... Таксама праца.

Даўно ўжо вядома, што праўда ў гэтай казцы — толькі імя галоўнага героя. Паўлік Марозаў ня быў расейцам — ён паходзіў зь беларускай сям’і, пераселенай за Ўрал у сталыпінскія часы. У іх у Герасімаўцы ўсе па крыві былі беларусы, дзекалі, цекалі і «чаго» казалі густое, як дзёгаць. Малапісьменны мясцовы ўчастковы, запісваючы сьведчаньні Паўлікавага дзеда, так і піша па-расейску: «а унук мой на поли астался баранит не знаю куда ходил и пришол дамой было вже томна».

І піянэрам Паўлік ня быў — не было ў Герасімаўцы тады яшчэ піянэрскай арганізацыі. Як і кулакоў. Проста Паўлік, як у Чапкавым апавяданьні, усіх моцна дастаў. І даносу ніякага не было — былі паказаньні, дадзеныя ім супраць бацькі ў часе папярэдняга сьледзтва: тата, які сышоў жыць да маладухі, гандляваў фальшывымі даведкамі зь сельсавету і дапамагаў хаваць майно, якім трэба было дзяліцца зь дзяржавай рабочых і сялян... Але ж ня кожныя паказаньні ёсьць даносам — Паўлік ні ад каго не хаваўся, хаця сваякі і пагражалі «прырэзаць саплівага камуніста». Камуністам у Герасімаўцы называлі кожнага, хто быў не такі, як усе.

А што значыць быць такім, як усе? Гэта значыць жыць так, як прадпісвае казка. Слухаць толькі сваю земляную душу, сваё лясное, зьвярынае сэрца, гаварыць моваю камянёў і праліваць кроў любога, хто паспрабуе парушыць спакон вякоў заведзены Парадачак. Быць тупаватым носьбітам народнага духу. А такіх у Герасімаўцы было 100 адсоткаў.

Даніла, стрыечны брат Паўліка, які год за годам лупіць «камуніста» аглобляй, а потым крадзецца па лесе за кузэнам, дапамагае ўсадзіць яму ў жывот нож, даганяе Фёдара і б’е яго кіем у скронь.

Дзед Паўліка Сяргей, вурдалак, які, заўважыўшы, што Паўлік з братам ідуць у лес, моўчкі, з хітрай вясковай усьмешкай, захапіўшы сякеру, прастуе за імі.

Бабка Аксіньня, якая бяззуба сьмяецца ў твар Паўлікавай маці, сустрэўшы яе 6-га верасьня на вуліцы: «Вот ужо нагатовілі мы табе мясца!» — і перад сьледзтвам падбухторвае Данілу валіць усё на дзеда: дзедушка стары, яму ўсё адно.

Бацька Паўліка Трафім, хцівы, юрлівы дзялок, які ідзе на ўгоду з д’яблам і ня супраць пасядзець на двух крэслах — народная мудрасьць дазваляе.

Дый сам Паўлік, гэты малы вясковы блазан, фрык і бажаволак, які вырашыў, што навучыўшыся чытаць па складах, ён ужо ня нейкая там тварына, а права мае і можа меркаваць пра праблемы сусьветнага маштабу.

І гэтыя мясцовыя кар’ерысты, нядаўнія вяскоўцы, якія адразу ж дапялі, як можна скарыстаць журавінавае забойства і выціснуць зь яго як мага болей соку на свае дробныя патрэбы.

Тут нікога не шкада і ніхто не ахвяра. Здаецца, што ў гэтай казцы ўсе — ліхадзеі, нячысьцікі, ведзьмакі, злыя духі ці, прынамсі, чарнакніжнікі. Выклятае месца Герасімаўка. Кажуць, цяпер там Паўліку пакланяюцца, як сьвятому. Вось што бывае, калі забыць прыдумаць казцы канец.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG